Ля будынку Сейму Літвы з Вільні 30 сакавіка ўзьнялі беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Да цыпымоніі далучыліся Сьвятлана Ціханоўская, сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас, намесьнік маршала Сэнату Польшчы Міхал Каміньскі, дэпутаты Сейма Літвы і беларуская дыяспара. Распачалася цырымонія з хвіліны маўчаньня ў памяць пра тых, хто аддаў жыцьцё за вольную Беларусь.
Юозас Олекас, сьпікер літоўскага Сейму, заявіў, што гэтай цырымоніяй узьняцьця сьцяга літоўцы вітаюць беларускі народ, які змагаецца за свабоду і незалежнасьць Беларусі, пракладвае свой шлях у Эўропу:
«Мы падтрымліваем гэтую барацьбу».
Олекас асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі і заявіў:
«Мы будзем разам змагацца за тое, каб усе палітвязьні выйшлі на волю».
Сьвятлана Ціханоўская назвала бел-чырвона-белы сьцяг сымбалем волі і незалежнасьці Беларусі:
«Пад гэты сьцягам 108 гадоў таму была абвешчаная БНР, пад гэтым сьцягам у 2020 годзе мы выходзілі на барацьбу за прызнаньне нашай перамогі на выбарах. Ніна Багінская выходзіла зь ім на пікеты, сьцяг у яе забіралі, але яна за ноч шыла новы і зноў выходзіла. Марыя Зайцава, якая загінула ва Ўкраіне, была пахаваная пад гэтым сьцягам».
Ціханоўская згадала палітвязьня Сьцяпана Латыпава, яна трымала ў руках ягоны партрэт.
«Бел-чырвона-белы сьцяг аб’ядноўвае і беларусаў, якія застаюцца ў сваёй краіне, і тых, хто за мяжой змагаецца за дэмакратыю, і прыйдзе час — мы ўздымем яго ў вольнай Беларусі»,— заявіла Ціханоўская.
Форум