ЗША прапусьцілі расейскі нафтавы танкер да Кубы

Нафтавы танкер каля берагоў Кубы, архіўны здымак

Танкер вёз на Кубу, якая зараз знаходзіцца пад энэргетычным эмбарга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, 730 тысяч барэляў нафты.

Берагавая ахова ЗША ня стала спыняць расейскі танкер «Анатолій Калодкін». Агенцтва АР удакладніла, што карабель можа прыбыць у кубінскі порт Матансас да 31 сакавіка.

Напярэдадні газэта The New York Times паведамляла, што патрульныя катэры берагавой аховы ЗША не атрымлівалі загаду перахапіць расейскі танкер.

Пра тое, што Расея накіравала на Кубу два танкеры з нафтай і палівам, стала вядома 18 сакавіка. Танкер «Анатолій Калодкін» вёз прыкладна 100 тысяч тон сырой нафты маркі Urals. Яшчэ адзін вадаплаў Sea Horse ідзе пад сьцягам Ганконгу.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў 17 сакавіка заявіў, што Масква гатовая аказаць пасільную падтрымку востраву.

Дональд Трамп у ноч на 30 сакавіка паведаміў журналістам:

«Калі якая-небудзь краіна хоча зараз адправіць нафту на Кубу, у мяне няма з гэтым праблем — ці то Расея, ці хто-небудзь яшчэ. З Кубай скончана, у іх дрэнны рэжым, вельмі дрэннае і карумпаванае кіраўніцтва, і атрымаюць яны карабель з нафтай ці не — гэта нічога ня зьменіць», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Куба пачынае вызваляць вязьняў і ўступае ў перамовы з ЗША

Адключэньні на Кубе

16 сакавіка на Кубе адбыліся маштабныя адключэньні энэргіі. Практычна ўсе жыхары вострава — каля 10 мільёнаў чалавек — засталіся без электрычнасьці пасьля збою ў працы нацыянальнай энэргасыстэмы праз энэргетычную блякаду, якую ЗША ўвялі ў канцы студзеня. Пасьля апэрацыі захопу вэнэсуэльскага кіраўніка Нікаляса Мадура, рэжым якога забясьпечваў Кубу нафтай, амэрыканскі прэзыдэнт падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць мыта на імпарт з краін, якія наўпрост ці ўскосна пастаўляюць нафту на востраў.

У Белым доме растлумачылі, што, на іх думку, кубінскі рэжым падтрымлівае хаўрус з многімі варожымі краінамі і зламыснымі суб’ектамі, разьмяшчаючы на сваёй тэрыторыі іхныя вайсковыя і выведныя магутнасьці. У якасьці прыкладу амэрыканскі бок згадаў, што на Кубе месьціцца найбуйнейшы па-за межамі краіны расейскі цэнтар радыёэлектроннай выведкі, які займаецца «крадзяжом сакрэтнай інфармацыі», што нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША.

13 сакавіка прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што на Кубу не было ніякіх паставак нафты апошнія тры месяцы, што прымусіла ўлады пайсьці на перамовы з ЗША. Трамп пацьвярджаў, што Куба хоча падпісаць угоду з ЗША і ўжо вядзе перамовы зь ім і дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё.

Як пісала газэта The Wall Street Journal, адміністрацыя Трампа шукала агентаў ва ўрадзе Кубы, каб зьмяніць уладу ў краіне да канца 2026 году. Марка Рубіё вёў перамовы з Раулем Гільерма Радрыгесам Кастра, унукам былога прэзыдэнта Кубы Рауля Кастра, пісала Axios.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Кубе пратэстоўцы падпалілі мясцовы камітэт Камуністычнай партыі