Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубе пратэстоўцы падпалілі сядзібу Камуністычнай партыі

Пратэсты каля сядзібы Камуністычнай партыі Кубы
Пратэсты каля сядзібы Камуністычнай партыі Кубы

Беспарадкі ўспыхнулі ў краіне праз адключэньні электрычнасьці.

Антыўрадавыя пратэстоўцы напалі на сядзібу Камуністычнай партыі ў цэнтральнай частцы Кубы. Напад быў выкліканы адключэньнямі электрычнасьці, пагоршанымі нафтавай блякадай ЗША.

Мітынг супраць адключэньняў і недахопу прадуктаў харчаваньня пачаўся мірна ў горадзе Марон яшчэ 13 сакавіка, паведаміла газэта Invasor, на якую спасылаецца агенцтва Reuters.

Відэа ў сацыяльных сетках паказвалі вялікі пажар і людзей, якія кідалі камяні ў вокны будынку і крычалі «свабода».

Горад Марон месьціцца на паўночным узьбярэжжы Кубы прыкладна ў 400 км на ўсход ад сталіцы Гаваны, недалёка ад турыстычнага курорту Каё-Кока.

Пратэст выклікаў рэакцыю прэзыдэнта Кубы Мігеля Дыяса-Канэля, які заявіў у сацыяльных сетках, што гнеў з нагоды працяглых адключэньняў электраэнэргіі зразумелы, але папярэдзіў аб небясьпецы гвалту.

«Вандалізм і гвалт не застануцца беспакаранымі», — сказаў ён.

Злучаныя Штаты зацягнулі гайкі ў дачыненьні Кубы пасьля таго, як у студзені захапілі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура — найважнейшага замежнага дабрадзея Кубы. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спыніў пастаўкі вэнэсуэльскай нафты на Кубу і пагражаў увесьці тарыфы на любую краіну, якая прадае нафту Кубе. Гэта ўзмацніла ціск на эканоміку вострава, які ўжо зазнае недахопу прадуктаў харчаваньня, паліва, электрычнасьці і лекаў.

У апошнія тыдні Трамп зрабіў шэраг заяў, у якіх сьцьвярджаў, што Куба знаходзіцца на мяжы краху або імкнецца заключыць зьдзелку са Злучанымі Штатамі. Урад Кубы заявіў 13 сакавіка, што пачаў перамовы з Вашынгтонам, каб паспрабаваць спыніць крызіс.

Таксама на Кубе сказалі, што пачынаюць вызваляць палітычных зьняволеных.

Публічныя пратэсты, асабліва гвалтоўныя, надзвычай рэдкія на Кубе. Канстытуцыя 2019 году дае грамадзянам права на дэманстрацыі, але закон, які больш канкрэтна вызначае гэтае права, завіс у заканадаўчым органе, што пакідае тых, хто выходзіць на вуліцы, у юрыдычнай нявызначанасьці.

За апошні тыдзень некалькі невялікіх груп жыхароў па ўсёй Гване стукалі ў гаршчкі на знак пратэсту супраць працяглых адключэньняў электраэнэргіі.

У панядзелак студэнты правялі сядзячую забастоўку на прыступках Гаванскага ўнівэрсытэту пасьля таго, як урад прыпыніў вочныя заняткі, абвінаваціўшы ў гэтым нафтавую блякаду ЗША. Дэфіцыт паліва значна скараціў рэйсы грамадзкага транспарту, што вельмі ўскладніла сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў на занятках.

Марон ужо быў месцам значных пратэстаў у час антыўрадавых беспарадкаў 11 ліпеня 2021 году — найбуйнейшых з часоў рэвалюцыі Фідэля Кастра 1959 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG