Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба пачынае вызваляць вязьняў і ўступае ў перамовы з ЗША

Куба. Ілюстрацыйнае фота
Куба. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што нядаўна адбыліся перамовы з урадам ЗША. Перамовы «былі накіраваныя на пошук рашэньняў шляхам дыялёгу па двухбаковых рознагалосьсях паміж дзьвюма краінамі», паведаміў Дыяс-Канэль на прэс-канфэрэнцыі, якую трансьлявалі па тэлебачаньні.

Паводле яго слоў, за апошнія тры месяцы на Кубу не паступала ніякіх паставак нафты з прычыны энэргетычнай блякады ЗША. Раней Дональд Трамп заяўляў аб магчымасьці «дружалюбнага захопу» выспы. Ён таксама дапускаў, што кубінскі ўрад «хутка ўпадзе».

За некалькі гадзін да яго выступу МЗС Кубы заявіў, што ўлады вызваляць 51 зьняволенага пры пасярэдніцтве Ватыкана, заўважыў The Wall Street Journal (WSJ). Ці будуць гэта звычайныя вязьні ці палітычныя, не ўдакладнялася.

Як пісала WSJ, адміністрацыя Трампа шукала агентаў ва ўрадзе Кубы, каб зьмяніць уладу ў краіне да канца 2026 года. Пры гэтым дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё вёў перамовы з Раўлем Гільерма Радрыгесам Кастра, унукам былога прэзыдэнта Кубы Раўля Кастра, пісаў Axios.

Трамп пацьвярджаў, што Куба хоча заключыць пагадненьне з ЗША і ўжо вядзе перамовы зь ім і Рубіё.

  • У канцы студзеня прэзыдэнт ЗША падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць пошліны на імпарт з краінаў, якія наўпрост ці ўскосна пастаўляюць нафту на Кубу. У Белым доме тады заявілі, што кубінскі рэжым падтрымлівае саюзы з многімі варожымі краінамі і зламыснымі суб’ектамі, разьмяшчаючы на сваёй тэрыторыі іх ваенныя і разьведвальныя магутнасьці. У якасьці прыкладу амэрыканскі бок згадаў, што на Кубе знаходзіцца найбуйнейшы ў Расеі замежны цэнтар радыёэлектроннай разьведкі, які займаецца «крадзяжом сакрэтнай інфармацыі», якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG