Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт стварыў гарадзкую камісію, сярод асноўных задач якой — аналіз і кампэтэнтная ацэнка сымболікі, атрыбутыкі й інфармацыйнай прадукцыі з гледзішча прыкметаў «экстрэмізму» ў іх.
Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні, другой задачай камісіі вызначана ўзаемадзеяньне зь дзяржаўнымі органамі, якія процідзейнічаюць «экстрэмізму», а таксама выяўляюць і перадухіляюць распаўсюд «экстрэмісцкай» сымболікі, атрыбутыкі й інфармацыйнай прадукцыі.
У складзе менскай гарадзкой камісіі будзе старшыня, ягоны намесьнік і чальцы. Яны павінны быць прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацыяў, а таксама спэцыялістамі ў сацыялёгіі, філязофіі, філялёгіі, псыхалёгіі ці ў іншых галінах.
Пэрсанальны склад камісіі сваім распараджэньнем вызначыць старшыня Менскага гарвыканкаму.