У асабістым лісьце прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу Андрэева дзякавала ім за сваё вызваленьне і за вызваленьне яшчэ 249 беларускіх палітвязьняў, а таксама прасіла дапамагчы вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку свайго мужа, журналіста Ігара Ільяша. «Працуем для гэтай мэты», — пракамэнтаваў гэта Коўл.
У лісьце прэзыдэнту Трампу Андрэева пісала:
«Думаю, што гэтая гуманітарная місія мае гістарычнае значэньне. Да вашых перамоваў зь Менскам многія з нас страцілі надзею. Мы адчувалі сябе вечнымі закладнікамі, бязь яснай будучыні і надзеі на справядлівасьць. У чэрвені 2025 году, калі я стала сьведкай першых вызваленьняў жанчын у межах дамоўленасьцяў паміж Вашынгтонам і Менскам, надзея вярнулася да мяне».
Кацярына Андрэева (Бахвалава) — журналістка тэлеканалу «Белсат». У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» — і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы. Вызваліць журналістку ўдалося толькі пасьля перамоваў амэрыканскай адміністрацыі з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл заклікаў Вільню да дыялёгу зь Менскам і аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь Літву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшла журналістка Кацярына Андрэева, яе муж Ігар Ільяш застаецца за кратамі