24 сакавіка першыя літоўскія грузавікі, затрыманыя ў Беларусі, вярнуліся ў Літву пасьля таго, як у панядзелак Аляксандр Лукашэнка даў дазвол на іх выезд. Ува ўрадзе Беларусі 23 сакавіка паведамілі, што літоўскія грузавікі, якія зь лістапада 2025 году знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, змогуць выяжджаць празь мяжу Літвы і Польшчы толькі пасьля таго, як іхныя ўласьнікі аплацяць іх захоўваньне на стаянках. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі заяўляў пра 1900 адзінак такога транспарту.
Кіраўнік асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava Эрландас Мікенас у размове з Свабодай адзначыў, што найцяжэй цалкам аплаціць прастой будзе невялікім кампаніям і тым фірмам, у якіх захрасла ў Беларусі шмат грузавікоў.
«Мы даведаліся ў пятніцу, што фуры адпусьцяць, а 24 сакавіка, а 5-й раніцы першыя цягачы ўжо прыехалі ў Літву. Застаецца шэраг пытаньняў, як цяпер будуць працаваць перавозьнікі. Трэба плаціць за „паркоўку“ ў Беларусі. Калі транспартная кампанія мае 100 цягачоў, а захрасла ў Беларусі 10, то вялікіх праблемаў ня будзе. Але калі кампанія мае 20 фураў, а захрасла 19 — а ёсьць і такія — то будзе цяжка. Транспартнікі шукаюць кліентаў, якія б набылі гэтыя цягачы і ўсю фірму. Іншыя кажуць, што прададуць тэхніку ў Літве, каб забраць тэхніку ў Беларусі», — гаворыць Мікенас.
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі, сьнежань 2025
Суразмоўца зьвярнуў увагу, што беларускі бок зьменшыў цану стаянкі для перавозьнікаў да 50 эўра/дзень, хоць перш называлі суму 120 эўра/дзень. Аднак, паводле суразмоўцы, ў многіх эўрапейскіх краінах гэта можа каштаваць таньней.
Невядома, адкуль раней улады Беларусі ўзялі тарыф у 120 эўра, але ў прайскуранце «Белмытсэрвісу» пазначана цана 163 рублі 80 капеек за знаходжаньне транспартнага сродку ў зоне мытнага кантролю другія і наступныя содні. Гэта крыху больш за 47 эўра.
Свабода пагаварыла зь некалькімі прадстаўнікамі літоўскіх перавозьнікаў на ўмовах ананімнасьці. Зь іхных словах, галоўнае цяпер знайсьці грошы на аплату стаянкі ў Беларусі. За адну фуру выходзіць каля 7000 эўра, расказаў супрацоўнік літоўскай лягістычнай кампаніі. Калі ў кампаніі ў Беларусі засела 5 грузавікоў, то гэта ўжо 35 000 эўра.
Калі лічыць з 1 лістапада, калі Лукашэнка падпісаў указ, які забараняе цягачам і паўпрычэпам перамяшчацца па Беларусі, то на 23 сакавіка выходзіць 143 дні. Гэта 6835 эўра за грузавік.
Прадстаўнік лягістычнай фірмы, чые грузавікі таксама былі на стаянцы ў Беларусі, сказаў, што забіраць свае фуры кампанія будзе 24 сакавіка, але няясна, як хутка гэта адбудзецца, з прычыны праходжаньня мяжы. Працэс можа заняць месяц і болей.
Як далей працаваць зь Беларусьсю
Пасьля таго, як літоўскія грузавікі захрасьлі ў Беларусі і літоўскія кампаніі зь лістапада не маглі іх забраць, паўстае пытаньне, як далей езьдзіць гэтым шляхам і ці не паўторыцца складаная для перавозьнікаў сытуацыя.
«Гэта залежыць ад палітычнага рашэньня. Калі будзе рашэньне не працаваць зь Беларусьсю — значыць, ня будуць працаваць. А тыя, хто ўсё ж вырашыць працаваць, будуць браць на сябе гэтую адказнасьць», — зьвяртае ўвагу Эрландас Мікенас.
Спэцыяліст у сфэры лягістыкі, які цяпер у Беларусі, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што іхная кампанія ўжо даўно не працуе зь Літвой праз пастаянныя праблемы на мяжы.
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня 10 сьнежня 2025
«Празь мяне прынамсі літоўскія аўтамабілі з восені не праходзілі. Я б на месцы літоўскіх перавозьнікаў падумаў двойчы, а то й тройчы — ехаць ці не. Ну і цэны за рэйс выстаўляў бы напоўніцу. Увогуле складана зь літоўскай мяжой зараз», — адзначыў суразмоўца.
Таксама, зь ягоных словаў, уся сытуацыя адаб’ецца на канчатковых цэнах на тавар для пакупнікоў у Беларусі.
«Канчатковая цана тавару ўзрастае. Тут, вядома, ёсьць нюансы: хто замаўляе транспарт — пакупнік ці прадавец, плюс звычайна ўплывае тое, які ланцужок пасярэднікаў», — дадае суразмоўца.
Чаму літоўскія грузавікі заселі ў Беларусі
Літоўскія фуры затрымалі летась у Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Нягледзячы на тое, што Літва адкрыла мяжу з 20 лістапада, рэжым Лукашэнкі не дазваляў транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.
Пратэст перавозьнікаў Літвы, машыны якіх заблякавалі ў Беларусі. Вільня 10 сьнежня 2025
Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.
17 сакавіка кіраўнік беларускага ўраду Аляксандар Турчын правёў зь літоўскімі перавозьнікамі сустрэчу, на якой заявіў, што Беларусь ня будзе канфіскоўваць літоўскія фуры. Аднак плату за іх спагоніць.
Турчын адзначыў, што беларускі бок «усе чатыры месяцы» прапаноўваў калегам зь Літвы правесьці сустрэчу і перамовы для «ўрэгуляваньня гэтага і іншых пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях». Якраз цягам чатырох месяцаў беларускі бок настойваў на сустрэчы абодвух бакоў на высокім палітычным узроўні.
У Літве гэтую сустрэчу назвалі «прапагандысцкай акцыяй, каб узмацніць ціск на Літву».
Таксама дзеля разьвязаньня сытуацыі з тэхнікай літоўскія перавозьнікі зьвярталіся ў Эўракамісію. Атрымалі адказ, што пытаньне будзе разглядацца.
19 сакавіка, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, спэцыяльны пасланьнік ЗША Джон Коўл заявіў, што «ЗША хацелі б, каб адносіны Літвы і Беларусі палепшыліся». Напярэдадні паездкі ў Беларусь ён сустракаўся з прадстаўнікамі ўраду Літвы.
Ужо 23 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка дазволіў літоўскім грузавікам выехаць.