Лукашэнка пачаў свой першы візыт у Пхэньян з наведваньня маўзалею, дзе захоўваюць целы ранейшых кіраўнікоў КНДР

Кымсусанскі Палац Сонца, Паўночная Карэя, 25 сакавіка 2026 году

Аляксандар Лукашэнка адразу пасьля прыбыцьця ў сталіцу Паўночнай Карэі накіраваўся ў Кымсусанскі Палац Сонца, дзе ў так званай «залі несьмяротнасьці» ў саркафагах захоўваюць целы папярэдніх кіраўнікоў камуністычнай дзяржавы — Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра.

У аэрапорце, як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, Лукашэнку сустракалі першы намесьнік кіраўніка ўраду КНДР Кім Ток Хун і міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Максім Рыжанкоў паведаміў, што ў часе першага візыту Лукашэнкі ў Паўночную Карэю плянуюць падпісаць дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, пагадненьні аб узаемадзеяньні ў галінах сельскай гаспадаркі, адукацыі, здароўя, інфармацыі, навуковых дасьледаваньняў, а таксама паміж гандлёва-прамысловымі палатамі дзьвюх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўпершыню наведае зь візытам Паўночную Карэю

Як ацэньваюць візыт Лукашэнкі ў заходніх мэдыя

Заходнія інфармацыйныя агенцтвы адзначаюць, што Паўночная Карэя, як і Беларусь, маюць цесныя дачыненьні з Расеяй, супраць іх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі і ў абедзьвюх краінах сур’ёзна парушаюцца правы чалавека.

Агенцтва AFP нагадала, што Менск і Пхэньян дапамагаюць Расеі ў вайне супраць Украіны: Пхэньян адправіў свае наземныя войскі і зброю, а Менск стаў стартавай пляцоўкай для ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Як паведаміла агенцтву Лі Хо Рунг з Карэйскага інстытуту абароннага аналізу, візыт павінен «прадэманстраваць салідарнасьць» краін, якія выступаюць супраць заходняга блёку.

«Кім паспрабуе скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб павысіць свой дыпляматычны аўтарытэт і ўмацаваць салідарнасьць у так званым антызаходнім блёку», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галасаваньне ў ААН: Беларусь у коле адыёзных рэжымаў

Збліжэньне Беларусі і Паўночнай Карэі

Улады Беларусі некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, супраць якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя зь ядзернай праграмай, якую разьвівае Пхэньян.

  • 15 верасьня 2023 году. На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Расея, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць пра супрацу недзе на траіх».
  • 18 студзеня 2024 году. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў «паглыбленьне супрацы» з намесьнікам міністра замежных справаў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам. Сустрэча адбылася падчас саміту «Руху недалучэньня» ва Ўгандзе.
  • 16 красавіка 2024 году. Пхэньян наведаў намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў у рамках «плянавых палітычных кансультацыяў».
  • 23–25 ліпеня 2024 году. КНДР наведаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Па візыце ён сказаў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца міжнароднай супольнасьці празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы».
  • 6–8 траўня 2025 году. КНДР наведвала беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Юрыем Шулейкам. Бакі падпісалі пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і КНДР.
  • 3 верасьня 2025 году. Аляксандар Лукашэнка меў размову з Кім Чэн Ынам у Пэкіне, дзе яны ўдзельнічалі ў вайсковым парадзе ў гонар 80-й гадавіны цырымоніі капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе і заканчэньня Другой усясьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Пэкіне пагутарыў з Пуціным, кіраўніком КНДР і прэм’ерам Славаччыны. Фота бяз рэтушы