Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню наведае зь візытам Паўночную Карэю

абноўлена
Аляксандар Лукашэнка і лідэр КНДР Кім Чэн Ын. Пэкін, 3 верасьня 2025 году
Аляксандар Лукашэнка і лідэр КНДР Кім Чэн Ын. Пэкін, 3 верасьня 2025 году

Візыт Аляксандра Лукашэнкі прызначаны на 25–26 сакавіка.

Як адзначаецца ў паведамленьні на сайце Аляксандра Лукашэнкі, візыт адбудзецца на запрашэньне паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Паведамляецца, што на перамовах Лукашэнка з кіраўніком КНДР абмяркуюць «увесь спэктар кірункаў» разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў, а таксама вызначаць асноўныя сфэры «ўзаемнага інтарэсу і найбольш пэрспэктыўныя для рэалізацыі праекты».

Як пацьвердзіла паўночнакарэйскае дзяржаўнае агенцтва ЦТАК, чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка наведае Паўночную Карэю на запрашэньне яе лідэра Кім Чэн Ына. ЦТАК не паведаміў іншых падрабязнасьцяў меркаванага візыту, піша Reuters.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню наведае Пхэньян зь візытам. Ён сустракаўся з Кім Чэн Ынам летась у верасьні ў Кітаі.

17 студзеня 2025 году на нарадзе ў пытаньнях замежнагандлёвай дзейнасьці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «каля пяці дзяржаваў, уключаючы Пакістан, Інданэзію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэчаў на найвышэйшым узроўні для абмеркаваньня пытаньняў супрацы».

Аднак літаральна празь некалькі дзён малодшая сястра паўночнакарэйскага кіраўніка Кім Чэн Ына Кім Ё Чжон адзначыла, што ад Пхэньяну да Беларусі такой прапановы не паступала.

Летась, віншуючы кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына з Днём утварэньня КНДР, Лукашэнка адзначыў, што «ўвесь сьвет ёсьць сьведкам» таго, як КНДР «з гонарам ідзе шляхам незалежнага разьвіцьця».

Менск і Пхэньян, лічыць Лукашэнка, «хутка дасягнулі значнага прагрэсу ў наладжваньні практычнага ўзаемадзеяньня ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, мэдыцына і фармацэўтыка, адукацыя».

Збліжэньне Беларусі і Паўночнай Карэі

Улады Беларусі каля году таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, супраць якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя зь ядзернай праграмай, якую разьвівае Пхэньян.

15 верасьня 2023 году. На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Расея, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць пра супрацу недзе на траіх».

18 студзеня 2024 году. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў «паглыбленьне супрацы» з намесьнікам міністра замежных справаў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам. Сустрэча адбылася падчас саміту «Руху недалучэньня» ва Ўгандзе.

16 красавіка 2024 году. Пхэньян наведаў намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў у рамках «плянавых палітычных кансультацыяў».

23–25 ліпеня 2024 году. КНДР наведаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Па візыце ён сказаў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца міжнароднай супольнасьці празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы».

6–8 траўня 2025 году. КНДР наведвала беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Юрыем Шулейкам. Бакі падпісалі пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы Беларусі і КНДР.

3 верасьня 2025 году. Аляксандар Лукашэнка меў размову з Кім Чэн Ынам у Пэкіне, дзе яны ўдзельнічалі ў вайсковым парадзе ў гонар 80-й гадавіны цырымоніі капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе і заканчэньня Другой усясьветнай вайны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG