Віктар Лукашэнка заявіў, што папярэднія некалькі гадоў былі цяжкім выпрабаваньнем для беларускага спорту. Спачатку пандэмія каранавірусу, затым — санкцыі і адлучэньне ад міжнародных стартаў, што ён назваў «палітычным ціскам».
«Частка нашых прадстаўнікоў зімовых відаў спорту ня проста вярнулася на ўсясьветную арэну, але і заваявала ліцэнзіі, прадставіла нашу краіну на Алімпійскіх гульнях у Італіі. Гэты посьпех — сыгнал да таго, каб яшчэ мацней яднаць нашыя намаганьні ў гэтым кірунку, — сказаў Віктар Лукашэнка, якога цытуе БелТА. — НАК Беларусі працягне праграму падтрымкі міжнароднай дзейнасьці для нацыянальных фэдэрацый у алімпійскіх відах спорту. Мы бярэм на сябе аплату штогадовых унёскаў у міжнародныя структуры і фінансаваньне ўдзелу нашых дэлегатаў ва ўсясьветных і эўрапейскіх кангрэсах.
Паралельна наша арганізацыя працягвае ўмацоўваць спартовы саюз з Расеяй. Інтэграцыя ў расейскія чэмпіянаты і кубкі — гэта база, але не мяжа. Мы ўсе памятаем словы кіраўніка дзяржавы: „Перамагайце расейцаў — і пытаньняў ня будзе“. Аднак зараз плянка вышэйшая. Нашы атлеты атрымліваюць усё больш допускаў на ўсясьветныя старты, і наша задача — перамагаць на міжнародным узроўні, даказваючы сілу беларускай школы спорту».
На Эўрапейскім юнацкім алімпійскім фэстывалі беларусы заваявалі 13 мэдалёў, пяць зь якіх — залатыя. На Алімпіядзе ў Міляне і Картына-д’Ампэцца ў топ-8 увайшлі канькабежка Марына Зуева, фрыстайлістка Ганна Гуськова.
Віктар Лукашэнка заявіў, што НАК павінен працаваць, «каб Беларусь надалей заставалася ў эліце ўсясьветнага спорту».
Ужо некалькі гадоў, яшчэ да пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымаў Маскву і праз гэта беларусаў пачалі выключаць зь міжнародных стартаў, асобныя беларускія клюбы выступалі ў расейскіх першынствах. У прыватнасьці, у валейболе, хакеі з шайбай і баскетболе. Адлучэньне ад міжнародных спаборніцтваў у дзясятках відаў спорту паўплывала на тое, што расейцы засталіся ледзь не адзінымі міжнароднымі супернікамі беларускіх атлетаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моладзевыя зборныя Беларусі дапусьцілі да міжнародных спаборніцтваў у валейболе