3 сакавіка адбылося онлайн-паседжаньне Адміністрацыйнай рады Эўрапейскай канфэдэрацыі валейболу (CEV), у час якога было пацьверджана, што спартоўцы-юніёры зь беларускімі і расейскімі пашпартамі змогуць браць удзел у міжнародных моладзевых спаборніцтвах пад эгідай CEV.
Разгляданае рашэньне зьвязанае з пастановай Міжнароднай фэдэрацыі валейболу (FIVB), прынятай у сьнежні 2025 году ў адпаведнасьці з парадамі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), згодна зь якой спартоўцы юніёрскага веку не павінны абмяжоўвацца ва ўдзеле ў міжнародных моладзевых спаборніцтвах.
Адміністрацыйная рада CEV пацьвердзіла, што рашэньне, якое ўступіла ў моц з 1 студзеня 2026 года, распаўсюджваецца на моладзевыя турніры Эўрапейскай канфэдэрацыі валейболу. Такім чынам, моладзевыя зборныя Рэспублікі Беларусь атрымалі магчымасьць зноў выступаць на міжнароднай арэне.
Пры гэтым апэрацыйныя аспэкты і практычная рэалізацыя ўдзелу каманд будуць дадаткова распрацаваныя і прадстаўленыя на разгляд Адміністрацыйнай рады CEV.
Рашэньне стала важным крокам для разьвіцьця моладзевага валейболу, адзначылі ў Беларускай фэдэрацыі валейболу. Яно, на думку чыноўнікаў БФВ, адкрывае новыя магчымасьці для беларускіх спартоўцаў атрымліваць міжнародны спаборніцкі досьвед і працягваць спартовае разьвіцьцё на эўрапейскім узроўні.
Разам зь беларусамі на міжнародны ровень вяртаюцца моладзевыя каманды суседняй Расеі.
Форум