Пра гэта кліентам у Беларусі паведамілі пастаўнікі інтэрнэт-паслуг.
«У адпаведнасьці з распараджэньнем Апэратыўна-аналітычнага цэнтру з 20.00 24 сакавіка да 08.00 26 сакавіка 2026 году беларускія хостынг-правайдэры абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў апавяшчэньні ад ААЦ.
Меры абумоўленыя «пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца зь іх выкарыстаньнем».
Абмежаваньне закране ня ўсе сайты, а толькі тыя, якія выкарыстоўваюць паслугу «віртуальны хостынг». Зазвычай гэта невялікія службы і ініцыятывы.
Падобныя абмежаваньні ўводзяцца не ўпершыню. Яны ўжо былі ў час прэзыдэнцкіх выбараў у студзені 2026 году. Тады доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў краіны абмяжоўвалі на такі самы пэрыяд, з 25 па 27 студзеня.
25 сакавіка беларусы па ўсім сьвеце адзначаць Дзень Волі, сьвята абвяшчэньня незалежнасьці першай беларускай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбылося ў Менску 108 гадоў таму. Першыя імпрэзы пачаліся яшчэ 21 сакавіка. Праўдападобна, улады баяцца, што за акцыямі дыяспары, у тым ліку шэсьцямі і канцэртамі, будуць сачыць беларусы на радзіме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і дзе беларусы замежжа адзначаць Дзень Волі — 2026. Расклад