Дрон, што выбухнуў у Літве паблізу мяжы зь Беларусьсю, быў украінскім

Прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене

Прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене пацьвердзіла, што дрон, які выбухнуў пад Аранамі (літ. Varėna), быў украінскім і прызначаўся для атакі на цэль у Расеі.

«Дрон, што перасек нашу паветраную прастору і заляцеў у Аранскі раён, быў украінскім дронам, і ён зьвязаны з апэрацыяй, якую ўкраінцы праводзілі ў тую ноч супраць Расеі. [...] Ужо цяпер мы можам з упэўненасьцю сказаць, што гэта быў дрон, які зьбіўся з курсу», — заявіла Інга Ругінене пасьля паседжаньня Камісіі нацыянальнай бясьпекі, паведаміла выданьне LRT.

Перад пасяджэньнем камісіі міністар абароны Літвы Робертас Каўнас выказаў думку, што гэты бесьпілётнік быў прызначаны для атакі на горад Прыморск у Ленінградзкай вобласьці, але пасьля ўзьдзеяньня на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы зьбіўся з курсу.

«Папярэдняя інфармацыя ад службаў такая: гэта адзін з дронаў з рою тых, што атакавалі порт Прыморск. Вельмі імаверна, што гэта ўкраінскі дрон, які пад узьдзеяньнем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы зьбіўся з курсу і ўпаў у нас», — сказаў Робэртас Каўнас.

Паводле яго, дрон не заўважылі ні ў Беларусі, ні ў Літве празь малую вышыню яго палёту. Міністар абароны дадаў, што дадатковыя радары, якія могуць фіксаваць бесьпілётнікі на малой вышыні, ужо замоўленыя, іх пастаўку чакаюць у 2026, 2027 і 2028 гадах.

У пракуратуры Літвы паведамілі, што будуць расьсьледаваць інцыдэнт у Аранскім раёне як адзін з эпізодаў ваенных злачынстваў Расеі ў вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу праз атаку дронамі аэрапорт не працуе больш за 15 гадзін. У Прыморску гарыць рэзэрвуар з палівам

Украінскія сілы атакавалі Ленінградзкую вобласьць у ноч на 23 сакавіка. Тады аэрапорт «Пулкава» не працаваў больш за 15 гадзін, а ў порце Прыморску была пашкоджаная ёмістасьць з палівам, у выніку чаго пачаўся пажар. Пэрсанал апэратыўна эвакуавалі.

У тую ноч адзін з дронаў упаў у возера ў Літве і выбухнуў. Відэа інцыдэнту зрабіў мясцовы жыхар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ля мяжы зь Беларусьсю выбухнуў бесьпілётнік. Урад склікаў Камісію ў нацыянальнай бясьпецы