Начальнік Галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Пішчоў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТБ адказаў, ці праўда, што ў мэдычныя ВНУ Беларусі ня будуць набіраць першакурсьнікаў-платнікаў.
Гэта стала вядома раней, пасьля Адзінага дня абітурыента ў вышэйшых навучальных установах. Пішчоў інфармацыю пацьвердзіў:
«Так, сапраўды, трэба адзначыць, што кантрольныя лічбы прыёму, гэта значыць бюджэтныя месцы і месцы на платнай аснове, фармуюцца нашымі замоўнікамі і нашымі ўстановамі вышэйшай адукацыі паводле строга выбудаванага альгарытму. Гэта значыць, улічваецца пэрспэктыўная кадравая патрэба ў спэцыялістах кожнай спэцыяльнасьці. І ў далейшым заснавальнікі (у гэтай сытуацыі — Міністэрства здароўя) зацьвярджаюць кантрольныя лічбы прыёму».
Прадстаўнік Міністэрства адукацыі сказаў, што ў шэрагу ВНУ рыхтуюць спэцыялістаў толькі за кошт сродкаў нацыянальнага бюджэту, што паводле такой схемы ў Беларусі рыхтуюць кадры для аграрнага комплексу, пэдагагічных спэцыяльнасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрываецца адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі — Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ахвочых вучыцца за мяжой будуць браць пісьмовае абяцаньне вярнуцца ў Беларусь