Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрываецца адна з найстарэйшых прыватных ВНУ Беларусі — Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва

Будынак Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва ў Менску, архіўнае фота
Будынак Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва ў Менску, архіўнае фота

Пра закрыцьцё ВНУ паведаміла Міністэрства адукацыі Беларусі.

Інстытут быў заснаваны ў 1993 годзе дэпутатам Менскага гарсавета, старшынём шматлікіх аб’яднаньняў прадпрымальнікаў Уладзімерам Карагіным, які памёр у 2020 годзе.

Закрыццё ІПП пракамэнтавала Міністэрства адукацыі Беларусі:

«Рашэньне аб завяршэньні працы прыватнай ВНУ было прынята заснавальнікам два гады таму. На працягу гэтага часу ў інстытуце быў рэалізаваны плян паэтапнага завяршэньня дзейнасьці: прыём новых абітурыентаў не зьдзяйсьняўся з 2024 года, пры гэтым забясьпечвалася завяршэньне навучаньня і выпуск студэнтаў, ужо залічаных у ВНУ», паведамляе агенцтва БелТА.

Уладзімер Карагін, які стварыў шмат бізнэс-структур у Беларусі, лічыў ІПП адным з самых важных сваіх дасягненьняў, бо краіне моцна не хапала «парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва».

«Будучыня беларускага бізнэсу — гэта нарошчваньне асабістага патэнцыяла ўдзельнікаў гэтага працэсу. Наша задача — чым больш будзе нарошчвацца сярэдні слой, тым наступным пакаленьням будзе лягчэй працаваць. Дэмакратыя — гэта сярэдні слой, а яго фармуе малы і сярэдні бізнэс», — заяўляў Карагін у адным з інтэрвію.

Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва адкрыўся ў 1993 годзе. Прыватная ВНУ рыхтуе адмыслоўцаў у галінах эканомікі, кіраваньня і паліталёгіі.

У лютым 2021-га ІПП прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю. Сэртыфікат дзейнічаў да 9 сакавіка 2026 году.

Раней стала вядома пра закрыцьцё яшчэ дзьвюх прыватных ВНУ Беларусі: спачатку пра ліквідацыю паведаміў Унівэрсытэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій, а затым — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці.

XS
SM
MD
LG