Пра гэта паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Як піша агенцтва BNS, прадстаўнік ведамства Гедрус Мішуціс заявіў, што першыя грузавікі перасеклі мяжу Літвы праз пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» каля 5 гадзін раніцы.
«Гадзіну таму, каля 5 раніцы, праз абодва памежныя пункты пачалі праяжджаць вызваленыя грузавыя аўтамабілі», — сказаў Мішуціс у аўторак раніцай.
Паводле папярэдніх зьвестак, гэта грузавікі літоўскай рэгістрацыі.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, які цытуе БелТА, паведаміў, што больш за 1,9 тысячы грузавікоў і паўпрычэпаў змогуць выехаць з тэрыторыі Беларусі ў напрамку Літвы «ў адпаведнасьці з заканадаўствам».
Пакуль на мяжы Літвы і Беларусі павелічэньня чаргі з беларускага боку не назіраецца.
Ува ўрадзе Беларусі 23 сакавіка паведамілі, што літоўскія грузавікі, якія зь лістапада 2025 году знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, змогуць выяжджаць празь мяжу Літвы і Польшчы толькі пасьля таго, як іхныя ўласьнікі аплацяць іх захоўваньне на стаянках.
Адзначаецца, што гэтае рашэньне ўхваліў Аляксандар Лукашэнка пасьля разгляду звароту літоўскіх і польскіх перавозьнікаў.
Прэзыдэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас у інтэрвію выданьню BNS паведаміў, што атрымана афіцыйнае пацьверджаньне пачатку працэсу вяртаньня грузавікоў.
«Афіцыйнае пацьверджаньне палягае ў тым, што транспартныя сродкі былі вызваленыя, і мы атрымалі тарыфы ад „Белмытсэрвісу“, якія расчаравалі перавозьнікаў», — заявіў Эрландас Мікенас.
Паводле яго, цана паркоўкі цягача з паўпрычэпам за дзень на спэцыяльных паркоўках складае прыблізна 47-48 эўра, толькі паўпрычэпа — прыблізна 16 эўра і толькі цягача — прыблізна 32 эўра.
«Я б сказаў, што калі 50 адсоткаў (усіх кампаніяў. — BNS) змогуць заплаціць, гэта будзе вельмі добра», — дадаў кіраўнік Linava. Ён ня выключыў, што і на такіх умовах ня ўсе грузавікі змогуць вярнуцца ў Літву.
Лукашэнка анансаваў вяртаньне літоўскіх грузавікоў пасьля перамоваў 19 сакавіка з амэрыканскай дэлегацыяй на чале з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам.
Літоўскія фуры затрымалі летась у Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі не дазваляў літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.
Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША змусілі Лукашэнку адступіць, ці Што паказаў беларуска-літоўскі канфлікт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заявілі аб разблякаваньні руху літоўскіх грузавікоў. У Вільні адрэагавалі