Ад заявы «вызваленьне аднаго — ужо перамога» да словаў «новыя арышты недапушчальныя». Што Трамп думае пра Беларусь

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл і намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэр Сьміт на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. 19 сакавіка 2026 году

Сьцісла

  • Летась амэрыканскія перамоўнікі з Лукашэнкам абміналі тэму працягу рэпрэсіяў у Беларусі, сёлета пасланьнік Трампа Коўл назваў новыя арышты «недапушчальнымі».
  • Саступак ад Менску Вашынгтон можа дамагацца ціскам, сустрэчнымі саступкамі, а таксама стварэньнем атмасфэры даверу ў выніку працяглых перамоваў.
  • «Вялікая ўгода» Лукашэнкі з Эўразьвязам у 2016 годзе — прэцэдэнт таго, што пра спыненьне рэпрэсіяў нават з гэтым рэжымам можна дамовіцца.
Эвалюцыя заяваў амэрыканскіх перамоўнікаў з Лукашэнкам можа азначаць, што афіцыйны Менск у межах «вялікай угоды» з ЗША можа пайсьці на спыненьне ці прыпыненьне рэпрэсіяў, а ня толькі на вызваленьне палітвязьняў, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Што казалі перамоўнікі Трампа пра беларускую практыку працягу рэпрэсіяў

Днямі спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл расказаў, што на апошніх перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам падняў пытаньне новых арыштаў.

«Цяпер гэта, здаецца, першы раз, калі я падняў пытаньне аб новых арыштах па меры вызваленьня людзей. Гэта значыць, мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10? Спадзяюся, нам удалося данесьці да яго, што гэта недапушчальна», — сказаў Коўл у інтэрвію Reuters пасьля чарговага раўнду перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: «Мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10?»

Каб ацаніць гэтую заяву, варта прыгадаць перадгісторыю.

Перамовы з Лукашэнкам адміністрацыя ізноў абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пачала амаль адразу пасьля прыходу да ўлады. Неўзабаве пачаліся і памілаваньні палітвязьняў — напачатку адзінкавыя, потым і больш маштабныя. Але рэпрэсіі не спыняліся, на месца вызваленых саджалі новых.

Ці ведалі пра гэта ў Вашынгтоне? Ведалі і публічна заяўлялі, што ведаюць. Але стаўленьне да гэтай зьявы мянялася.

Напачатку галоўным перамоўнікам ад ЗША быў генэрал Кіт Келаг, першыя маштабныя вызваленьні былі прымеркаваныя да яго візытаў у Менск.

У верасьні 2025 году ён у інтэрвію «Люстэрку» заявіў: «Мы разумеем, што Лукашэнка вызваліць аднаго, а потым, імаверна, схопіць яшчэ дваіх. Мы цудоўна ведаем, што ён робіць. Ні на сэкунду не сумнявайцеся ў гэтым. У яго больш за тысячу палітвязьняў, і іх вызваленьне — гэта станоўчы пабочны эфэкт ад таго, што адбываецца. Калі мы выцягнем хаця б аднаго — гэта ўжо перамога».

Тое, што на месца вызваленых саджаюць новых, для ЗША зусім не было сакрэтам. Але публічнае стаўленьне да гэтага было крыху філязофскае — маўляў, ну вось такі недасканалы гэты сьвет. І ідэалягічнае абгрунтаваньне: вызваленьне нават аднаго чалавека — ужо перамога.

У сьнежні летась адбыўся чарговы раўнд вызваленьняў, дакладней, абмену вызваленьняў на скасаваньне санкцыяў. Тады галоўным перамоўнікам ад ЗША быў ужо Джон Коўл.

У студзені сёлета таксама ў інтэрвію «Люстэрку» Коўл, камэнтуючы тэму новых арыштаў, расставіў акцэнты ўжо крыху інакш: «Калі яны (улады Беларусі. — РС) арыштоўваюць новых людзей, то мы дабяромся да гэтага пазьней, пасьля таго як вызвалім першую партыю. А гэта ад 900 да 1000 чалавек, усе тыя людзі, якія там. Мая місія — выцягнуць іх. Пасьля мы пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі».

Новыя арышты ўжо не трактаваліся як нешта нязьменнае і непераадольнае, гэта было ўжо названа яшчэ адной тэмай будучых перамоваў. Апошняя заява Коўла ў інтэрвію Reuters, дзе практыка новых арыштаў названая «недапушчальнай», — чарговы этап пакрокавай стратэгіі Трампа адносна Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні — квіток для Лукашэнкі ў Вашынгтон? Аналіз Валера Карбалевіча

Чым ЗША дамагаюцца ад Лукашэнкі саступак?

З 2020 году мы шмат чулі ад заходніх палітыкаў, урадаў і арганізацыяў заяваў і патрабаваньняў спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Вялікага плёну ад гэтага не было.

Трамп летась ня стаў публічна патрабаваць таго, чаго ён тады ня мог дамагчыся. Дайшоў працэс перамоваў да фазы, калі гэта стала магчымым, — тады Коўл адпаведны пункт парадку дня дыялёгу і агучыў.

Падобная ж сытуацыя, толькі з хутчэйшым вырашэньнем, адбылася з выправаджэньнем вызваленых палітвязьняў. Падчас некалькіх раўндаў вызваленьняў іх выправаджвалі, падчас апошняга — 235 чалавекам з 250 дазволілі застацца ў Беларусі.

Як гэтага ўдалося дасягнуць? Некаторыя назіральнікі выказалі думку, што ціскам. Выключаць гэтага нельга. Але статыстычная даведка: у 2021 годзе экспарт Беларусі ў ЗША складаў паўмільярда даляраў, летась — менш за 20 мільёнаў (!) даляраў . У міждзяржаўным гандлі, асабліва ў гандлі з самай эканамічна магутнай краінай сьвету, гэта нішто. Ціснуць далей — куды і як?

Таму больш імавернай здаецца вэрсія, што саступак у пытаньні высыланьня беларускіх палітзьняволеных зь Беларусі дамагліся торгам, «пернікамі». Якімі — складана сказаць. Мо тым, што выключылі з санкцыйнага сьпісу, скажам, Міністэрства фінансаў Беларусі. Ці «Белінвэстбанк», які, як паведамляюць, абслуговае беларускі вайскова-прамысловы комплекс. Магчыма, такой платай стала абяцаньне арганізаваць візыт Лукашэнкі ў ЗША і ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта ЗША ў Флёрыдзе. Раней такая прапанова, здаецца, не гучала.

Але ёсьць і яшчэ адно магчымае тлумачэньне саступкі з адмовай ад выправаджэньняў. Гэта давер. Мо для некага гэта дзіўна гучыць у дачыненьні да Лукашэнкі. Але адносінам, даволі інтэнсіўнаму дыялёгу паміж Трампам і Лукашэнкам, ужо больш за год. Мы ня ведаем дэталяў, але цалкам магчыма, што цягам году гэтыя два чалавекі не падманвалі, ня «кідалі» адзін аднаго, выконвалі тое, што абяцалі. А гэта стварае пэўную новую атмасфэру адносінаў. І ў такой атмасфэры аднабаковая, «бясплатная» саступка, «падарунак», можа быць часткай доўгатэрміновага халоднага, рацыянальнага разьліку — за мой падарунак я чакаю сустрэчнага падарунку.

Гэта ня значыць, што бакі ўвесь час будуць толькі абменьвацца падарункамі, жорсткі гандаль як ішоў, так і будзе працягвацца. Але адну канкрэтную саступку маглі атрымаць нават і бясплатна.

«Я ведаю, хто такі Лукашэнка, — сказаў Джон Коўл пасьля апошняга візыту ў Менск у інтэрвію The Financial Times. — Але ў нас вельмі добрыя адносіны. Мы давяраем адзін аднаму. Гэта Трамп, гэта замежная палітыка ў стылі Трампа, дзе трэба бліжэй пазнаёміцца з кімсьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Лукашэнка зноў патрэбны? Новая гульня Захаду

Успамін пра будучыню: 20162026

Ці ёсьць шанец на тое, што Лукашэнка ўсё ж пагодзіцца спыніць ці хаця б прыпыніць рэпрэсіі? Некаторыя экспэрты лічаць, што не. Паводле іх, Беларусь ператвараецца ў таталітарную дзяржаву, а высокі ўзровень рэпрэсіяў — гэта ўжо неад’емны чыньнік выжываньня гэтай сыстэмы. Можа, у гэтых паліталягічных штудыях і ёсьць рацыя. Але ёсьць і прэцэдэнт.

28 лютага сёлета споўнілася 10 гадоў папярэдняй «вялікай угодзе». Толькі тады не з ЗША, а з Эўразьвязам. Брусэль тады зьняў усе санкцыі зь Беларусі, Лукашэнка вызваліў усіх палітвязьняў і да лета 2020 году нікога не саджаў за палітыку з крымінальнымі прысудамі. Пры гэтым пасадзіць карцела: можна прыгадаць і «справу БелТА», і справу «Белага легіёну», і шматлікія справы ўдзельнікаў «маршаў недармаедаў». Але на крымінальныя тэрміны не саджалі. І не таму, што ў Менску на праспэктах стаялі танкі NATO. І не таму, што была выразная гарантыя, што за новых палітвязьняў санкцыі вернуць. А таму, што неяк дамовіліся і дамоўленасьці выконваліся.

Шмат што зьмянілася з тых часоў і ў Беларусі, і наагул у сьвеце. Прэцэдэнт не бясспрэчны доказ, але аргумэнт у спрэчцы, ці пойдзе рэжым Лукашэнкі на саступкі ў пытаньні спыненьня або прыпыненьня рэпрэсіяў.

Яшчэ адзін аргумэнт, ускосны — гэта заява Коўла пра недапушчальнасьць новых рэпрэсіяў. Калі б амэрыканскі бок не лічыў, што ўгода можа ўключаць у сябе і гэтае пытаньне, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША мог бы проста паўтарыць свае ранейшыя словы, што пра гэта можна будзе пагаварыць калісьці ў будучыні. Або сказаць, як яго папярэднік Келаг, што вызваленьне нават аднаго чалавека — ужо перамога.

Паколькі цяперашняя адміністрацыя ЗША арыентаваная на вынікі, то можна дапусьціць, што папярэдняя дамоўленасьць наконт спыненьня рэпрэсіяў ужо дасягнутая. Зразумела, што за гэта Лукашэнка нешта запатрабуе і будзе выціскаць максымум. Відавочна, што безьліч розных абставінаў могуць сарваць гэтую «вялікую ўгоду». Ясна, што бакі могуць і не дамовіцца. Але шанец ёсьць.

Некага можа засмучаць, што калі нават усё атрымаецца, то гэта будзе менавіта ўгода, а не капітуляцыя рэжыму Лукашэнкі, не яго зрынаньне. Але альтэрнатыўная стратэгія, якая прывяла б да менавіта капітуляцыі, пакуль зусім не праглядаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Лукашэнка імкнецца «не злаваць ніводнага дзеда»