Ведамства назвала «так званым» Дзень Волі — гадавіну дня абвешчаньня незалежнасьці першай беларускай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Публічнае сьвяткаваньне 25 Сакавіка аднавілася ў Беларусі ў 1989 годзе. Да 1993 году гэты дзень адзначалі па ўсёй Беларусі з удзелам тагачаснага кіраўніцтва дзяржавы.
Пасьля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ўсе акцыі або абмяжоўвалі канкрэтным маршрутам ці месцам, або ўвогуле забаранялі. Людзі ўсё роўна выходзілі ў гэты дзень на акцыі, нягледзячы на затрыманьні. Выключэньнем стала акцыя ў 2018 годзе, калі дазволілі адсьвяткаваць 100-ы юбілей незалежнасьці БНР на пляцы перад Опэрным тэатрам у Менску.
Паводле Сьледчага камітэту, гэты дзень выкарыстоўваюць нібыта «экстрэмісцкія фармаваньні» і іх «замежныя куратары» для «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне».
«Патэнцыйным удзельнікам акцыяў абяцаюць выкананьне „захадаў бясьпекі“ ў выглядзе неабходных атрыбутаў: акуляры, маскі, кепкі. Сьледчы камітэт паведамляе, што сучасная мэтодыка дазваляе ідэнтыфікаваць асобу кожнага», — адзначылі ў ведамстве і паабяцалі прыцягнуць усіх да адказнасьці, «пры неабходнасьці з выкарыстаньнем мэханізму спэцыяльнага вядзеньня і канфіскацыяй маёмасьці на тэрыторыі Беларусі».
Паводле каардынатара аргкамітэту Дня волі Паўла Севярынца, гэта чаканая заява сілавікоў:
«Беларусы па ўсім сьвеце ведаюць, што рэжым аж вылузваецца са скуры, каб сапсаваць нам Дзень Волі. Ня ўдасца. Беларусы — разумны народ з шматвекавым партызанскім досьведам. А тыя, хто адсочваюць ды „ідэнтыфікуюць“, павінны памятаць: ёсьць адмыслова абучаныя людзі, якія фіксуюць іх саміх — і за мяжой, і ў самой Беларусі», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і дзе беларусы замежжа адзначаць Дзень Волі — 2026. Расклад ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 Сакавіка заклікалі адзначыць як Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларусамі