Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 Сакавіка заклікалі адзначыць як Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларусамі

Сьвяткаваньне 25 сакавіка 2025 году ў Вільні
Сьвяткаваньне 25 сакавіка 2025 году ў Вільні

На імпрэзы да Дня Волі прапануюць браць нацыянальныя беларускія і дзяржаўныя ўкраінскія сьцягі.

Аргкамітэт правядзеньня Дня Волі вітаў прапанову сябрам дэмакратычнай Беларусі адзначаць 25 Сакавіка як Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларусамі.

Паводле каардынатара гэтай грамадзкай ініцыятывы палітыка Паўла Севярынца, аргкамітэт рэкамэндаваў удзельнікам сьвяткаваньня на акцыях уздымаць побач зь беларускім нацыянальным сьцягам і дзяржаўны сьцяг Украіны.

Прапанову Сьвятланы Ціханоўскай аб адзначэньні 25 Сакавіка, калі беларусы сьвяткуюць Дзень Волі, таксама Міжнароднага дня салідарнасьці зь беларусамі распаўсюдзіла яе прэсавая служба.

Паводле Ціханоўскай, гэтая дата важная, бо яна ня толькі нагадвае пра абвяшчэньне ў 1918 годзе незалежнасьці Беларусі ад Расеі, але на працягу дзесяцігодзьдзяў дыктатуры Лукашэнкі 25 Сакавіка стала сымбалем супраціву прыгнёту і тыраніі.

«Гэтыя часы паказваюць, што мы ня можам успрымаць свабоду, дэмакратыю і мір як належнае. Правы чалавека не даюцца проста так. Таму давайце разам абараняць гэтыя каштоўнасьці і дапамагаць беларусам іх дасягнуць», — зьвярнулася Ціханоўская да тых, хто называе сябе сябрамі беларусаў.

Каардынатар аргкамітэту правядзеньня Дня Волі — 2026 Павал Севярынец назваў гэтую ініцыятыву слушнай і своечасовай.

«Бо гэта прапанова да сяброў Беларусі, а іх у сьвеце сапраўды шмат — палітыкаў, дэпутатаў парлямэнтаў, нават кіраўнікоў дзяржаваў, якія змогуць выказаць салідарнасьць зь беларусамі на Дзень Волі. Мяркую, што ў сьвеце да гэтага дня будуць ладзіцца канфэрэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы, а цэнтральнай падзеяй стануць акцыі 25 Сакавіка ў Кіеве. Магчыма, што і кіраўніцтва Ўкраіны там будзе прысутнічаць і таксама павіншуе беларусаў з Днём Волі і далучыцца да выяўленьня салідарнасьці зь беларусамі», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.

Паводле Севярынца, 14 сакавіка на паседжаньні аргкамітэту правядзеньня Дня Волі прынялі рашэньне прапанаваць удзельнікам беларускага сьвята карыстацца разам зь бел-чырвона-белым нацыянальным сьцягам Беларусі таксама дзяржаўным сіне-жоўтым сьцягам Украіны.

«Калі на Дзень Волі мы падымем ня толькі бел-чырвона-белы, але і сіне-жоўты сьцяг — мы засьведчым усяму сьвету: Беларусь і Ўкраіна змагаюцца за волю разам і разам перамогуць», — мяркуе Павал Севярынец.

Праца аргкамітэту правядзеньня Дня Волі працягваецца, кажа Севярынец:

«Цяпер складаем мапу месцаў і падзеяў, на якой ужо пазначаныя дзясяткі гарадоў і сотні заплянаваных акцыяў. Асноўныя традыцыйныя месцы правядзеньня Дня Волі — Варшава, Беласток і Вільня, але ўжо бачна, што геаграфія сёлета значна пашырыцца. Дадаюцца Армэнія, Грузія, Інданэзія, Кіпр, Аўстралія, Мэксыка, новыя месцы ў Злучаных Штатах і Канадзе. Шмат новых месцаў, бо беларусаў усё больш у розных кутках сьвету і яны ўсё выразьней заяўляюць пра сваю прысутнасьць», — сказаў беларускі палітык, былы палітвязень Павал Севярынец.

Тым часам беларусы Варшавы абвясьцілі збор сродкаў на арганізацыю святкаваньня Дня Волі, паведамляе інтэрнэт-выданьне MOST Media. Арганізатарам сьвяткаваньня Дня Волі выступае Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі», якая абвясьціла збор. Грошы плянуюць выкарыстаць на арэнду сцэны і гукавога абсталяваньня, выраб сымболікі і аднаўленьне вялікага нацыянальнага сцяга, друк банэраў і ўлётак, а таксама на бясьпеку і лягістыку. Агулам плянуецца сабраць ня менш за €5000.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG