Віленскі аэрапорт уначы зноў спыняў працу праз праз кандрабандысцкія шары зь Беларусі

Віленскі аэрапорт, архаўнае фота

Абмежаваньні ў паветранай прасторы над Вільняй уводзілі з 00:33 да 1:46 мясцовага часу.

Прычынай сталі адзнакі на радарах, характэрныя для паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, што запускаюцца зь беларускай тэрыторыі.

Збой у працы аэрапорту можа адбіцца на рэйсах 22 і 23 сакавіка праз парушэньне ратацыі экіпажаў і паветраных суднаў, — гаворыцца ў заяве віленскага аэрапорту.

Гэта ўжо чацьвёрты выпадак сёлета. Папярэдні раз быў уначы на 15 сакавіка.

19 сакавіка спэсцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл у інтэрвію агенцтву Reuters сказаў, ўздымаў тэму заклапочанасьці Літвы на шматгадзінных перамовах з Лукашэнкам.

«Лукашэнка зразумеў, што такія раздражняльнікі не карысныя, — сказаў Коўл пра кантрабанду цыгарэт і канфіскацыю грузавікоў. — Я думаю, што Лукашэнка лічыць, што гэта ня надта важныя пытаньні і імі варта ахвяраваць».

У той жа дзень Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заклікаў улады Літвы падтрымліваць «нармальныя працоўныя кантакты», «незалежна ад таго, якая сытуацыя ў нас». Ён назваў кантрабанду паветранымі балёнамі «звычайнай транснацыянальнай злачыннасьцю», у якой удзельнічаюць палякі і літоўцы, запярэчыўшы вызначэньню яе як гібрыднай атакі.

Уварваньне паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку сьнежня 2025 году стала прычынай неаднаразовага закрыцьця Віленскага аэрапорту, разьмешчанага недалёка ад мяжы. Літва ў адказ практычна поўнасьцю закрывала мяжу зь Беларуссю з 29 кастрычніка да 19 лістапада.

Летась 9 сьнежня летась урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі». Рашэньне прынялі «ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы зь Беларусі запускаюцца паветраныя балёны, якія перавозяць кантрабанду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля перамоваў з прадстаўніком Трампа Лукашэнка анансаваў «вялікую ўгоду» з ЗША і вяртаньне літоўскіх фураў