Гэта пацьвердзілі ў КВІР, заявіўшы, што ён «загінуў пакутніцкай сьмерцю» ў выніку «злачыннага баязьлівага» нападу з боку ЗША і Ізраіля раніцай 20 сакавіка.
Усяго за некалькі гадзін да публікацыі заявы корпусу, блізкае да КВІР агенцтва Fars апублікавала камэнтар Наіні. У ім ён заявіў, што Іран працягвае «вытворчасьць ракет нават ва ўмовах ваеннага часу» і «праблем з запасамі [зброі] няма». Гэтую заяву цытуе іранская служба Радыё Свабода.
Пазьней ізраільскае войска пацьвердзіла інфармацыю пра гібель Наіні. «На працягу многіх гадоў Наіні займаў розныя пасады ў сфэры прапаганды і сувязяў з грамадзкасьцю. Апошнія два гады ён быў галоўным прапагандыстам КВІР», — гаворыцца ў заяве ізраільскіх вайскоўцаў.
Ізраіль і ЗША пачалі ўдары па Іране 28 лютага. У адказ Іран наносіць удары па вайсковых базах ЗША і інфраструктуры саюзьнікаў Вашынгтону ў краінах Пэрсыдзкай затокі. У Іране ў выніку ўдараў былі забітыя, сярод іншых, вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі, сакратар Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Алі Ларыджані, міністар выведкі Эсмаіл Хаціб і камандзір добраахвотніцкага ваенізаванага фармаваньня «Басідж» Галамрэза Сулеймані.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў студзеньскіх пратэстаўАкрамя таго, быў паранены новы вярхоўны лідэр краіны Муджтаба Хамэнэі. Іранскія ўлады сьцьвярджалі, што раненьні былі лёгкія. У МЗС Ірана на мінулым тыдні заявілі, што ён «адчувае сябе добра». Кіраўніца Нацыянальнай выведкі ЗША Талсі Габард на слуханьнях у Кангрэсе заявіла, што ў выведкі ёсьць сумневы ў тым, што праз атрыманыя раненьні Хамэнэі-малодшы цяпер здольны кіраваць дзяржавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль пашырыў маштаб удараў па Іране, Тэгеран атакаваў энэргетычны аб’ект у Катары