Лукашэнка пра вызваленых палітвязьняў: «Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзятыя на кантроль спэцслужбамі»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукшэнка на наступны дзень пасьля перамоваў з спэцпрадстаўніком ЗША Джонам Коўлам заявіў, што вызваленыя і пакінутыя ў Беларусі палітвязьні будуць пад кантролем сілавікоў, перадае БелТА.

«Вы не перажывайце, што мы іх выпусьцілі. Усё тут пад кантролем. 2020 году, мужыкі, у Беларусі ня будзе. Я не хачу бегаць з аўтаматам па вуліцы. Я гэтага не дапушчу, і ўсе на гэта нацэленыя, — заявіў ён. — Мы разумеем, што хацелі разбурыць і перакуліць краіну. Гэта быў удар не толькі па нас, але і па нашых дзецях, унуках. Я гэта дапусьціць магу? Не!»

Ён таксама заявіў, што з 235 вызваленых палітвязьняў, якія пасьля вызваленьня засталіся ў Беларусі, пагрозу могуць уяўляць каля 30 ці 40 чалавек.

«Мы іх ведаем. Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзятыя на кантроль спэцслужбамі і міліцыяй», — сказаў Лукашэнка.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракамэнтавала гэтую заяву Лукашэнкі ў тэлеграм-канале АПК:

«Гэтыя словы — адкрытае папярэджаньне людзям, якія толькі выйшлі на волю пасьля гадоў несправядлівага зьняволеньня, пакут і катаваньняў. Рэжым дае зразумець, што не адпусьціць іх. Мы разам з праваабарончай і гуманітарнай супольнасьцямі заклікаем забясьпечыць бясьпеку вызваленых і гарантаваць ім магчымасьць у поўнай меры карыстацца сваімі правамі».

У выніку сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Менску Аляксандар Лукашэнка памілаваў 250 палітычных вязьняў, зь якіх 235 засталіся ў Беларусі, а 15 былі вывезеныя ў Літву.

ЗША заявілі аб зьняцьці амэрыканскіх санкцыяў з ААТ «Белінвэстбанк», ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і Міністэрства фінансаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы назвалі імёны некаторых вызваленых палітвязьняў, якіх пакінулі ў БеларусіНекаторыя з вывезеных 19 сакавіка ў Літву беларускіх палітвязьняў заявілі, што хочуць легалізавацца ў ПольшчыПасьля перамоваў з прадстаўніком Трампа Лукашэнка анансаваў «вялікую ўгоду» з ЗША і вяртаньне літоўскіх фураўСпэцыяльны пасланьнік Трампа: «Спадзяюся, да канца году будуць вызваленыя ўсе»