Беларусы выпусьцілі гульню пра сны. У ёй цяжка заснуць і прачнуцца. Расказваем падрабязьней

Скрыншот з гульні Shifting To The Backrooms

Shifting To The Backrooms — дэбютны праект беларускай студыі Oopsome Games, гэта падарожжа па сьвядомых снах падлетка зь сямейнымі праблемамі. Прастора ламаецца, навакольле ўвесь час мяняецца, а вакол загадкі, якія вам трэба разгадваць. Расказваем пра гэтую гульню.

Сюжэт і геймплэй

Вы — падлетак, які жыве ў праблемнай сям’і: айчым з вамі канфліктуе, у маці фінансавыя праблемы, ды яшчэ і інтэрнэт не аплачаны. Вакол адны праблемы, адзінае месца, дзе можна схавацца, — сны. Так пачынаецца дэма-вэрсія гульні Shifting To The Backrooms ад невялікай беларускай студыі Oopsome Games (поўная вэрсія гульні таксама даступная). Прычым вы практыкуеце ўсьвядомленыя сны, калі цалкам разумееце, што вы сьпіце і можаце сабой кіраваць у снах. Гэта так званы шыфтынг (shifting), практыка, якая дазваляе перанесьці сваю сьвядомасьць зь бягучай рэальнасьці ў жаданую.

Каб адысьці ад рэальнасьці, герой спрабуе заснуць. Тут і пачынаюцца першыя складанасьці: трэба па чарзе націснуць некалькі клявішаў, што зрабіць адразу, зь першай спробы, ня так проста. Маленькі лайфхак: на гэтым моманце можна панізіць графіку; калі доўга не атрымліваецца, то так павінна атрымацца. Далей пачынаецца самае цікавае: герой трапляе ў розныя сны, якія ў сутнасьці сваёй лімінальныя прасторы: доўгія калідоры, паркоўкі, нават парк з воднымі горкамі — і ўсё гэта абсалютна бязьлюднае.

Скрыншот з тызера гульні Shifting To The Backrooms

Герой мусіць разгадваць загадкі, каб прабірацца далей па сюжэце, і зважаць на падказкі, раскіданыя то ў выглядзе надпісаў на сьценах, то ў выглядзе лічбавых падказак.

Графіка і мэханікі

У гульні клясычны від ад першай асобы, то бок герой глядзіць на сьвет сваімі вачыма. Можна бегаць, паскарацца, падбіраць патрэбныя для разьвязаньня галаваломак прадметы. Прастора пры гэтым можа мяняць форму і выгляд, законы фізыкі часам не працуюць, як гэта і бывае ў снах.

Паводле стылістыкі гэта лёгкі хорар, прынамсі ў дэма-вэрсіі нечага жудаснага мы не знайшлі.

«Гэта лайтовы хорар зь мінімальнай колькасьцю скрымэраў, з фокусам на сюжэт, атмасфэру лімінальных прастораў і галаваломкі. Дасьледуйце разнастайныя лімінальныя прасторы — ад камфортных да жудасных — і паспрабуйце выбрацца з кашмару, у якім апынуліся», — так апісваюць свой прадукт распрацоўнікі ў краме гульняў Steam.

Распрацоўнікі таксама абяцаюць у поўнай вэрсіі гульні монстраў, пагоні, маніпуляцыі прасторай і часам.

Скрыншот з тызера гульні Shifting To The Backrooms

Графіка ў гульні досыць рэалістычная, што характэрна для прадуктаў, зробленых на рухавіку Unreal Engine. Пакуль гульня разьлічана на аднаго гульца і ня мае мультыплэернага рэжыму. У гульні ёсьць агучваньне на беларускай мове, як і субтытры. З словаў распрацоўнікаў, для іх было прынцыпова, каб агучвалі жывыя людзі, а ня штучны інтэлект, таму для агучваньня шукалі актораў. Агулам кажучы, беларускі гук рэдкасьць для кампутарных гульняў. Сярод апошніх прадуктаў ён ёсьць у гульні пра Тураўскае княства Tales of Meadows. У плятформэра Replaced беларуская мова ёсьць у тытрах. Абодва гэтыя прадукты на момант напісаньня матэрыялу маюць толькі дэма-вэрсіі.

Што вядома пра распрацоўнікаў

Shifting To The Backrooms — першая і пакуль адзіная гульня невялікай беларускай студыі Oopsome Games. Адказваючы на пытаньні будучых гульцоў на адной з прафэсійных пляцовак, распрацоўнікі гаварылі, што робяць гульню невялікай камандай у два дзясяткі чалавек.

Скрыншот з тызера гульні Shifting To The Backrooms

Некаторыя чальцы каманды раней ужо мелі досьвед у GameDev. У прадукту няма спонсараў, таксама распрацоўнікі вырашылі не ладзіць краўдфандынг-кампанію, каб выпусьціць гульню, прадукт рабіўся сваім коштам, «бо інакш можна не рэалізаваць чаканьняў фанатаў».

У плянах распрацоўнікаў дадаць у гульню мультыплэерную вэрсію, каб карыстальнікі маглі гуляць разам празь сетку, а таксама выпусьціць яе на геймпадах кшталту Xbox.

Поўная вэрсія Shifting To The Backrooms выйшла 13 сакавіка, яна дасяжная ў Steam за 7,47 эўра для ЭЗ. Для карыстальнікаў зь Беларусі цана ніжэйшая, як і плянавалі ад пачатку распрацоўнікі: цяпер гэта 4,24 даляра.