Беларускі ПЭН заступіўся за арыштаваных у Беларусі кнігавыдаўцоў: вядома больш чым дваццаць выпадкаў затрыманьняў

Алесь Яўдаха, Вацлаў Багдановіч, Зьміцер Колас. Каляж

Беларускі ПЭН заявіў аб прыкметах катаваньняў і пабіцьця затрыманых.

Беларускі ПЭН заявіў, што ў Беларусі пачаліся маштабныя рэпрэсіі, накіраваныя на кнігавыдаўцоў і кніжныя выдавецтвы.

«Так, у лютым–сакавіку 2026 году была задакумэнтаваная чарговая хваля перасьледу, падчас якой стала вядома пра больш чым дваццаць выпадкаў затрыманьняў і ціску на прадстаўнікоў кніжнай сфэры і літаратурныя і выдавецкія арганізацыі»,— гаворыцца ў заяве.

«17 лютага былі затрыманыя не менш за 10 чалавек, некаторыя зь якіх асуджаныя на 14–15 дзён адміністрацыйнага арышту, сярод іх — дырэктар выдавецтва „Тэхналогія“ Вацлаў Багдановіч, перакладнік і былы выдавец Зьміцер Колас, а таксама распаўсюднік кніг Алесь Яўдаха. Вядомыя іншыя, непублічныя, выпадкі перасьледу. Ёсьць прыкметы катаваньняў і пабіцьця затрыманых», — піша Беларускі ПЭН.

Паводле Беларускага ПЭНу, выдавецтва «Тэхналогія» закрытае, а яго абсталяваньне сканфіскавалі. Некалькі беларускіх выдавецтваў, якія зарэгістраваныя і легальна дзейнічаюць у Польшчы, КДБ Беларусі прызнаў так званымі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

«Беларускі ПЭН разам з праваабарончай і культурнай супольнасьцю рашуча асуджае новую хвалю маштабных рэпрэсіяў супраць незалежных выдаўцоў, распаўсюднікаў кніг і культурных арганізацыяў у Беларусі. Апошнія падзеі сьведчаць пра мэтанакіраванае зьнішчэньне інфраструктуры беларускага кнігавыданьня і беспрэцэдэнтную крыміналізацыю легальнай культурнай дзейнасьці», — гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭНу.

Да яе далучыліся іншыя культурніцкія і праваабарончыя арганізацыі й ініцыятывы, якія працуюць за мяжой.

Яны заклікаюць улады Беларусі спыніць крыміналізацыю культурніцкай дзейнасьці і перасьлед дзеячоў культуры ў Беларус і за мяжой.

Таксама яны зьвяртаюцца да міжнароднай супольнасьці з заклікамі падтрымаць арыштаваных кнігавыдаўцоў і спрыяць аднаўленьню іх правоў, пашырыць падтрымку беларускіх культурных праектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады абвінавацілі выдаўцоў кніг у стварэньні «кааліцыі». Даведаліся, ці яна існуе

Раней у сьпіс так званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» КДБ Беларусі ўнёс «кааліцыю друкарскіх выдавецтваў».

У сьпіс увайшлі фонд Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, выдавецтва «Зьміцер Колас», некалькі іншых выдаўцоў, распаўсюднікі беларускіх кніг, якія дзейнічаюць у Беларусі і за мяжой, паведамляе «Вясна». У сувязі з гэтым фармаваньнем у пераліку згадваюцца Зьміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха, — яны знаходзяцца ў Беларусі і цяпер затрыманыя. З рашэньня КДБ вынікае, што на ўсіх трох цяпер, імаверна, завялі крымінальныя справы.

У сьпісе таксама пазначаныя грамадзянін Польшчы, беларус з Падляшша Яраслаў Іванюк, беларускія выдаўцы Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч, якія цяпер знаходзяцца за мяжой.

Уключаны ў сьпіс кіраўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пракамэнтаваў гэтае рашэньне выданьню Люстэрка:

«Такой рэчы, як „кааліцыя друкарскіх выдавецтваў“, у прынцыпе не існуе. Гэта проста беларускія выдавецтвы, і рэжым хоча прыкрыць магчымасьць, каб незалежныя беларускія кнігі траплялі ў Беларусь. Бо вядома, што „экстрэмісцкае фармаваньне“ — вельмі сур’ёзная адказнасьць і наступствы для людзей, якія будуць нават проста ў сябе на паліцы мець такога тыпу кнігі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускія выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Частка зь іх цяпер за кратаміУлады абвінавацілі выдаўцоў кніг у стварэньні «кааліцыі». Даведаліся, ці яна існуеЮрыстка пракамэнтавала «справу беларускіх кнігавыдаўцоў» і чым яна пагражае чытачамУ перасьледзе беларускіх выдаўцоў відаць сталінскія схемы, — Лукашук

Перасьлед выдаўцоў у Беларусі

У канцы лютага ў Менску прайшлі масавыя затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам затрымалі як мінімум 10 чалавек, частку зь іх адправілі на «содні».

3 сакавіка 2025 году КДБ абвясьціў экстрэмісцкім фармаваньнем «кааліцыю друкарскіх выдавецтваў» (якой насамрэч не існуе), залічыўшы ў яе Фонд Kamunikat.оrg, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing і назваў датычнымі да яе Яраслава Іванюка, Зьмітра Коласа, Ігара Логвінава, Вацлава Багдановіча, Андрэя Янушкевіча і Алеся Яўдаху.

Багдановіч, Колас і Яўдаха цяпер за кратамі.