Аб пачатку сустрэчы паведаміў Telegram-канал прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі.
«Настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І ня толькі праблемы Ўкраіны, але і глябальныя. І ня толькі вайну на Блізкім Усходзе. Мяркую, мой пункт гледжаньня на глябальныя праблемы, асабліва аб сытуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важны для вас, бо вы ваюеце супраць нашых сяброў», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Калі Джон Коўл вырашыў удакладніць, ці не пра Іран Лукашэнка хоча пагаварыць, той адказаў:
«Так, вельмі хацеў бы, каб мой пункт гледжаньня вы данесьлі да Дональда Трампа. Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, зьяўляюся прыхільнікам вашага прэзыдэнта».
Джон Коўл
Апрача таго, Лукашэнка згадаў палітвязьняў:
«Куды ж мы дзенемся ад праблемы, якую Крыс (адзін зь перамоўнікаў з амэрыканскага боку — намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэр Сьміт. — Камэнтар БелТА) вельмі кантралюе. Так званыя палітзьняволеныя. Хоць я пастаянна схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітзьняволеных у нас няма.
Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэтую праблему, у перапісках. Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнай думкі. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасьцяў. Думаю, што асаблівых тут праблем ня будзе. Як і ў іншых пытаньнях нашага парадку дня», — дадаў Лукашэнка.
Пратакольная частка сустрэчы, на якой Лукашэнка прапанаваў тэмы для абмеркаваньня, доўжылася сем хвілін. Пасьля гэтага размова працягнулася ў закрытым рэжыме.
Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл і намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэр Сьміт падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. 19 сакавіка 2026
Пра паездку Лукашэнкі ў ЗША, амбасаду ў Менску і стаўленьне Літвы
Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам да Коўла падышлі прадстаўнікі прэсавай службы Лукашэнкі. Паводле яе словаў, Коўл сказаў:
«Мы гаварылі аб адносінах Беларусі і ЗША. Абмяркоўвалі таксама тое, што думае пра вайну ў Іране Беларусь, тое, што думаюць ЗША. І якім чынам гэтая сытуацыя вырашыцца», — расказаў Коўл.
«Вельмі каштоўна заўсёды атрымліваць меркаваньне прэзыдэнта Беларусі. Таму што гэта зусім іншае меркаваньне ў параўнаньні з тым, што мы можам атрымаць на захадзе. Гэта вельмі каштоўна для нас. Я абавязкова перадам усё, што мы тут сёньня абмяркоўвалі, у ЗША».
Паводле Коўла, абмеркавалі таксама магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША:
«Будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць».
Дзяржаўныя журналісты задалі прадстаўніку ЗША пытаньне адносна сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы, якая адбылася напярэдадні, дзе літоўскі бок асабліва рабіў акцэнт на тэме мэтэазондаў. На думку праўладнай прэсы, Літва навязвае думку аб пагрозах, якія нібыта Беларусь нясе Літве, хоць Лукашэнка зьняпраўджваў заявы Вільні і адпрэчваў абвінавачваньні.
Коўл адзначыў, што чуе тое, што гаворыць кіраўніцтва Літвы і прэзыдэнты іншых краін, але ЗША ў дадзеным выпадку выступаюць з пэўнай місіяй.
«Працуючы з прадстаўнікамі Літвы, мы бачым сваю мэту. Мы выконваем у гэтым выпадку гуманітарную місію. Мы хочам, каб адносіны паміж Беларусьсю і Літвой палепшыліся».
Акрамя таго, Коўл зазначыў, што праца ў аднаўленьні дзейнасьці амбасады ЗША ў Менску працягваецца. Ён пацьвердзіў факт таго, што гэта абмяркоўвалі з Лукашэнкам, а таксама пацьвердзіў, што перад паездкай у Менск адбыліся шырокія кансультацыі ў гэтым пытаньні зь Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША.
Сустрэча Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй. 19 сакавіка 2026
Што папярэднічала
Апошні візыт Джона Коўла ў Менск адбыўся 12–13 сьнежня. Тады ўлады Беларусі вызвалілі 123 зьняволеных — 110 грамадзян Беларусі і 13 іншаземцаў з умовай іх выезду з краіны. Большасьць вывезьлі ва Ўкраіну, адкуль многія пераехалі ў Польшчу, Нямеччыну, іншыя краіны.
13 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў перамовах з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дачыненьні Беларусі з Расеяй і Кітаем не абмяркоўваюцца.
«Абмяркоўваем нашы двухбаковыя дачыненьні, пачынаючы з аднаўленьня нармальнай работы амбасады да вызваленьня так званых палітвязьняў. Хоць у нас такіх артыкулаў няма. І эканамічныя пытаньні, і санкцыі — усё ў комплексе. Там пытаньняў дзесяць. Вядзём зь імі перамовы аб усіх пытаньнях. Пытаньняў шмат», — працытавала тады Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У 2025 годзе Лукашэнка вызваліў або памілаваў 365 зьняволеных, у тым ліку, па выніках сустрэч з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША — 190 чалавек, якіх пасьля вызваленьня прымусова вывезьлі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія дэпутаты абмеркавалі з Джонам Коўлам адносіны Літвы зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў адмаўляе прымусовую высылку палітвязьняў за мяжу і папярэджвае пра «жорсткую рэакцыю» ў выпадку паўтарэньня падзей 2020 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандаль як пры перамовах з тэрарыстамі», — Бяляцкі пра візыт Коўла, вызваленьні палітвязьняў, Статкевіча і Гаагу для Лукашэнкі