Ізраіль заявіў пра гібель кіраўніка Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану Лярыджані

Алі Лярыджані, архіўнае фота

Міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што Алі Лярыджані быў забіты ў выніку авіяўдару па Тэгеране.

Доказаў, якія пацьвярджаюць гэта, пададзена не было.

Іран спрабаваў зьняпраўдзіць гэтую заяву, паказаўшы нібыта рукапіснае паведамленьне Лярыджані ад 17 сакавіка.

Фатаздымак паведамленьня таксама быў разьмешчаны ў акаўнце Лярыджані ў сетцы X. Навіна пра Лярыджані зьявілася адразу пасьля таго, як Армія абароны Ізраілю (ЦАГАЛ) заявіла, што забіла Гулямрэзу Сулеймані, камандзіра іранскіх паўвайсковых сілаў «Басідж», нанёсшы тую ж хвалю авіяўдараў па Тэгеране 16 сакавіка.

«Учора ЦАГАЛ нацэліўся і ліквідаваў Гулямрэзу Сулеймані, які кіраваў падразьдзелам „Басідж“ апошнія 6 гадоў», — гаворыцца ў заяве ад 17 сакавіка.

Іранскія ўлады ані зьняпраўдзілі, ані пацьвердзілі гэтае паведамленьне.

Амэрыканска-ізраільская апэрацыя супраць Ірану, якая працягваецца ўжо трэці тыдзень, не паказвае прыкметаў згасаньня. 17 сакавіка ў некалькіх месцах на Блізкім Усходзе былі чутныя сырэны паветранай трывогі.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што сваёй апошняй хвалі атак па Тэгеране яны нанесьлі ўдары па «інфраструктуры іранскага рэжыму», а таксама па аб’ектах, якія, зь іхных словаў, зьвязаныя з падтрымоўванай Іранам групоўкай «Хезбала», якую ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

Тым часам Іран працягвае абстрэльваць ракетамі і бесьпілётнікамі цэлі на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Ізраілі.

Ключавы Армускі праліў, на які прыпадае каля адной пятай часткі усясьветнага транспартаваньня нафты, застаецца ў значнай ступені закрытым з прычыны нападаў на караблі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пагражае новымі нападамі на востраў Харг пасьля ўдару Ірану па арабскіх дзяржавах Пэрсыдзкай затокі

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.