На праблемы з доступам да Telegram у Расеі паказвае колькасьць скаргаў на парталах Downdetector (больш за 8000 за содні) і «Сбой.рф» — (больш за 12 000 за 15 сакавіка). Паводле «Сбой.рф», за апошнія палова скаргаў былі з Масквы, піша «Настоящее время».
Даступнасьць Telegram упала да 80% за ўчора-сёньня. WhatsApp прыкладна на тым жа ўзроўні — 8-10%. Пра гэта напісаў кіраўнік «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіл Клімараў.
Экспэрт і аўтар інтэрнэт-выданьня «Код Дурава» Ўладзіслаў Вайтэнка сказаў «Коммерсанту», што апошнія содні Telegram праз хатніх правайдэраў фактычна не працуе.
«Паведамленьні не адпраўляюцца, статус абнаўленьня можа мяняцца на статус злучэньня. Пры гэтым, як правіла, каб усё падгрузіць, патрабуецца чакаць некалькі хвілінаў. Пра працу Telegram праз мабільны інтэрнэт можна забыцца. Калі ў якімсьці горадзе актыўныя толькі сайты зь „белага сьпісу“, то большасьць VPN-сэрвісаў не дапамогуць зайсьці ў Telegram», — заявіў ён.
Прэзыдэнт расейскай Асацыяцыі апэратараў сувязі «Макател» Аляксей Амелькін лічыць, што пакуль рана казаць пра тое, працуе мэсэнджэр ці не, бо мала дакладнай статыстыкі:
«Тэсты паказваюць, што, хутчэй за ўсё, усё залежыць ад сеткі сувязі — сотавай ці стацыянарнай — а таксама ад рэгіёну і нават месца. Дзяржорганы прымяняюць розныя ўмовы ў розных рэгіёнах, магчыма, гэта для тэсту. Таму няма аднастайнасьці».
«Белыя сьпісы» рэсурсаў, даступных падчас адключэньня інтэрнэту, пачалі тэставаць зь лета 2025 году. У сьпіс уключаны сайты мабільных апэратараў, пракрамлёўскіх СМІ, дзяржаўных органаў, маркетплэйсаў, а таксама сацсеткі «ВКонтакте», «Одноклассники» і Max. Паводле інфармацыі выданьня «Код Дурава», у сувязі з увядзеньнем «белых сьпісаў» шэраг VPN-сэрвісаў ужо страціў доступ да сэрвэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне рэкамэндуюць не карыстацца мэсэнджарам Max