Дасьледаваньне: да 40 адсоткаў беларусаў-мігрантаў хочуць застацца ў Літве

Беларуская акцыя ў Вільні да 5-годьдзя пратэстаў 2020 году ў Беларусі. Архіўнае фота

Дасьледнікі аддзелу дэмаграфічных і сямейных дасьледаваньняў Інстытуту сацыялёгіі Літоўскага цэнтру сацыяльных навук Аляксандар Чубрык і Натальля Шчарбіна правялі апытаньне сярод беларусаў, якія мусілі эміграваць у Літву з палітычных, эканамічных і гуманітарных прычын.

Паводле іх, паведаміла выданьне LRT, прыблізна 30–40 % беларусаў прыехалі ў Літву зь сем’ямі і хочуць застацца ў гэтай краіне.

«Сем’і зацікаўленыя ў інтэграцыі ў дзяржаву, якая іх прыняла, яны думаюць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву і пра будучыню сваіх дзяцей. Самотныя мігранты, наадварот, мяркуюць: калі ім тут не спадабаецца, яны пераедуць у іншую краіну», — сказаў Аляксандар Чубрык.

Паводле яго, беларусы, якія прыехалі ў Літву зь сем’ямі, хочуць вывучаць літоўскую мову і інтэграваць сваіх дзяцей.

У сваю чаргу Натальля Шчарбіна дадала, што патрэбы менавіта гэтай групы беларускіх мігрантаў і вывучалі сацыёлягі. Паводле яе, тыповая беларуская сям’я ў Літве мае двух дзяцей, абое бацькоў працуюць, а дзеці вучацца ў беларускай, расейскіх ці літоўскіх школах.

«Яны адчуваюць, што падзяляюць тыя ж каштоўнасьці і жылі ў Беларусі такім жа чынам. Там яны належалі да сярэдняй клясы, а зьехалі з розных прычын — палітычных, эканамічных або гуманітарных. Яны думаюць пра бясьпеку і будучыню сваіх дзяцей, таму выбралі Літву як найбольш прыдатнае месца», — сказала Натальля Шчарбіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Вільні патлумачыў, якая будучыня чакае беларускую гімназію імя Скарыны пасьля рашэньня пра літоўскамоўнае навучаньне

Адной з сваіх мэтаў мігранты называлі атрыманьне лепшай адукацыі. «У школах і ўнівэрсытэтах Беларусі цяпер шмат прапаганды й іншых рэчаў, не зьвязаных з адукацыяй. Гэта ўжо не адукацыя, а ідэалягічнае выхаваньне. Вельмі часта бацькі казалі нам: „Мы не хацелі, каб дзеці расьлі з ідэалёгіяй, не хацелі бачыць уплыву прапаганды“. Таму яны вырашылі пераехаць дзеля адукацыі сваіх дзяцей», — сьцьвярджаюць сацыёлягі.

Навукоўцы адзначылі, што сваім дасьледаваньнем яны хацелі паказаць наяўнасьць у Літв матываванай групы мігрантаў — сем’яў, якія хочуць вучыць мову, разумеюць законы і лад жыцьця краіны.

Паводле сацыёлягаў, апытаныя імі беларусы адзначылі, што ня езьдзяць цяпер у Беларусь.

«Людзі ацэньваюць пагрозы вельмі адказна, нават больш адказна, чым можна было б. [...] Яны думаюць так: „Я цяпер жыву тут, і будучыня маіх дзяцей — тут“. Яны вельмі адказна ставяцца да сваёй будучыні. Калі мяркуюць, што паездка магчымая, то і едуць туды», — сказаў Аляксандар Чубрык. Ён дадаў, што беларусы, якія эмігравалі з палітычных прычын, найбольш клапоцяцца аб пытаньнях бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітык, які ня браў удзел у выбарах, шматкроць суджаны. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадачаў Беларускай тэлевізіі