Мэр Вільні Валдас Бянкунскас патлумачыў, як пастанова будзе выглядаць на практыцы. Віленская беларуская гімназія імя Францішка Скарыны будзе прыроўненая да літоўскіх школаў, калі ў навучальнай праграме пабольшае заняткаў літоўскай мовай і зьявяцца паралельныя клясы.
«У Вільні здаўна ёсьць і адна дзяржаўная беларуская школа — імя Францішка Скарыны. На пасяджэньні Рады было ўхвалена, што статут гэтай школы будзе зьменены такім чынам, каб у ёй стала больш заняткаў літоўскай мовы і інтэграцыйных клясаў, таму на яе [на месца ў ёй] можна будзе прэтэндаваць як на дэ-факта літоўскую школу».
Таксама ён спыніўся на апісаньні праблемы, зь якой сутыкнуўся горад.
«Сытуацыя з школамі была сапраўды неадэкватнай — большасьць дзяцей эмігрантаў не з краінаў Эўразьвязу ішлі ў школы на расейскай навучальнай мове. Факты паказваюць, што такая сытуацыя праграмавала горшую будучыню такіх дзяцей у Літве — набыўшы пачатковую адукацыю ў нелітоўскім асяродзьдзі, ім цяжэй інтэгравацца. Гэта значыць горшыя вынікі экзамэну, абмежаваныя магчымасьці навучаньня, ніжэйшыя шанцы на рынку працы, большая сацыяльная ізаляцыя ад астатніх жыхароў Вільні.
Таму зь сёлетняга паступленьня ў школы будзем прымяняць новы прынцып: дзяцей 1–4 клясаў, ня нашых грамадзян, імігрантаў з не з краін ЭЗ, будуць запісваць толькі ў літоўскія пачатковыя школы».
Таксама Бянкунскас напісаў, што «сёньняшнія рашэньні вызначаюць, якія сацыяльныя праблемы мы будзем ці ня будзем мець праз 10 ці 20 гадоў».
Мэр Вільні падзякаваў віцэ-мэру і кіраўніку адукацыйнага камітэту гарадзкой рады за «сьмелае рашэньне».
Ён асобна падкрэсьліў, што гаворка ідзе пра дзяржаўныя школы. У прыватных школах, якія дзейнічаюць у Вільні, бацькі могуць працягваць выбіраць мову навучаньня сваіх дзяцей.
Форум