Раніцай 12 сакавіка ізраільскія вайскоўцы абвясьцілі новую «шырокамаштабную хвалю» ўдараў па Тэгеране.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты «перамаглі» ў вайне супраць Ірану, але амэрыканскія сілы будуць наносіць удары надалей.
Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, гэтая заява прагучала пасьля таго, як Тэгеран атакаваў сама меней шэсьць караблёў у рэгіёне і паабяцаў наступныя ўдары.
«Ніколі ня хочацца казаць занадта рана аб перамозе. Мы перамаглі», — сказаў Трамп на перадвыбарчым мітынгу ў Кентукі 11 сакавіка.
«У першую гадзіну ўсё скончылася», — дадаў ён.
Камэнтары Трампа і Белага дому апошнімі днямі былі розныя: ад здагадак, што вайна можа доўжыцца ад чатырох да шасьці тыдняў ці даўжэй, да магчымасьці таго, што яна можа скончыцца «хутка».
Трамп заявіў, што амэрыканска-ізраільскі напад на Іран, які пачаўся 28 лютага, «фактычна зьнішчыў» гэтую дзяржаву, у тым ліку значную частку яе кіраўніцтва, узброеных сілаў і ядзернай праграмы.
Тым ня менш, сказаў прэзыдэнт ЗША, удары працягнуцца. «Мы ж ня хочам сыходзіць раней, ці ня так?» — сказаў Трамп. «Мы павінны скончыць працу».
Ізраіль таксама даў зразумець, што не гатовы спыніць сваю кампанію, у тым ліку ўдары ў Лібане на хаўрусныя Ірану сілы «Хэзбалы» (прызнаная тэрарыстычнай групай у ЗША і Эўразьвязе), і заявіў, што ў яго застаецца «шырокі набор цэляў».
«Мы пашырым нашы апэрацыі», — заявіў прадстаўнік арміі, брыгадны генэрал Эфі Дэфрын на брыфінгу 11 сакавіка.