Рада бясьпекі ААН асудзіла ўдары Ірану ў рэгіёне Блізкага Ўсходу. Расея і Кітай устрымаліся

Наступствы ўдараў Ірану па Бахрэйне, які ініцыяваў рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы ўдараў Ірану па Бахрэйне, які ініцыяваў рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН. Ілюстрацыйнае фота

Рада бясьпекі ААН 11 сакавіка асудзіла ўдары Ірану па краінах Пэрсыдзкай затокі, у той час як Расея і Кітай устрымаліся ад галасаваньня.

У рэзалюцыі Рада бясьпекі заклікала Іран тэрмінова спыніць атакі на Бахрэйн, Кувэйт, Аман, Катар, Саудаўскую Арабію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Ярданію. У дакумэнце адзначаецца, што гэтыя ўдары парушаюць міжнароднае права і становяць «сур’ёзную пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».

У рэзалюцыі таксама крытыкуюць выкарыстаньне Іранам у Ліване такіх проксі-груповак, як «Хэзбала» (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе).

Рэзалюцыю падтрымалі 13 з 15 чальцоў Рады бясьпекі. Яе ініцыяваў Бахрэйн, на гэты момант непастаянны сябра Рады бясьпекі ААН.

Іран асудзіў рэзалюцыю і назваў яе «злоўжываньнем» Радаю бясьпекі.

28 лютага ЗША разам з Ізраілем пачалі вайсковую апэрацыю супраць Ірану. У выніку ўдараў загінуў найвышэйшы кіраўнік Ірану Алі Хамэнэі, пашкоджаныя вайсковыя і ядзерныя аб’екты краіны. Іран у адказ наносіць удары па амэрыканскіх базах і інфраструктуры хаўрусьнікаў ЗША ў краінах Пэрсыдзкай затокі.


​
XS
SM
MD
LG