Раней агенцтва пісала, што Муджтаба Хамэнэі мог атрымаць раненьні падчас амэрыкана-ізраільскіх удараў, у выніку якіх загінуў яго бацька — аятала Алі Хамэнэі.
Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма, але іранскія дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюць фармулёўкі, якія ўскосна пацьвярджаюць раненьне. Вядоўца дзяржаўнай тэлевізіі назваў Муджтабу Хамэнэі «джанбазам» (параненым вэтэранам) «вайны Рамазану» — так у Іране называюць цяперашні канфлікт з ЗША і Ізраілем.
Паводле крыніцаў агенцтва, раненьне і асьцярогі за бясьпеку могуць тлумачыць маўчаньне Муджтабы Хамэнэі. Пры гэтым фактычную ўладу, як сьцьвярджаюць суразмоўцы Reuters, цяпер мае Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР).
Крыніцы адзначаюць, што КВІР «быў разьюшаны» пасьля выбачэньняў іранскага прэзыдэнта Масуда Пэзэшкіяна перад краінамі Пэрсыдзкай затокі за ўдары па амэрыканскіх вайсковых аб’ектах на іхных тэрыторыях. Адзін з суразмоўцаў падкрэсьліў, што Алі Хамэнэі раней умеў стрымліваць Корпус, балянсуючы паміж ягонымі інтарэсамі і думкай палітычных і рэлігійных элітаў.
«Цяпер жа, нават калі новы лідэр будзе дастаткова здаровы, каб узяць стырно ў свае рукі, апошняе слова ў ключавых рашэньнях, імаверна, застанецца за Корпусам вартавых», — адзначыў суразмоўца Reuters.
Паводле крыніцаў, менавіта КВІР правёў кандыдатуру Муджтабы Хамэнэі з разьлікам на тое, што ён падтрымае іхны жорсткі курс.
Некалькі высокапастаўленых іранскіх суразмоўцаў Reuters лічаць, што ягонае прызначэньне можа прывесьці да больш агрэсіўнай вонкавай палітыкі і ўзмацненьня ўнутраных рэпрэсіяў.
Двое зь іх асьцерагаюцца, што дамінаваньне КВІР канчаткова ператворыць Іран у вайсковую дзяржаву «пад тонкай заслонай рэлігійнай легітымнасьці».
Форум