Першынство сьвету па футболе адбудзецца летам у Паўночнай Амэрыцы, у тым ліку ў ЗША. Іранцы заявілі, што будуць байкатаваць яго праз вайну — ЗША і Ізраіль наносяць авіяўдары па Іране з 28 лютага, яны забілі вярхоўнага лідэра краіны аяталу Алі Хамэнэі. Улады Ірану прыгадалі й атаку на краіну мінулым летам, піша dpa.
«Пасьля таго, як гэты карумпаваны ўрад забіў нашага лідэра, у нас няма ніякіх умоў, пры якіх мы можам удзельнічаць у чэмпіянаце сьвету», — сказаў Ахмад Даньямалі ў тэлевізійным інтэрвію.
Далей ён пералічыў, што стала прычынай байкоту.
«З улікам зламысных захадаў, прынятых супраць Ірану, нам на працягу васьмі-дзевяці месяцаў былі навязаныя дзьве вайны, і некалькі тысяч нашых грамадзян былі забітыя. Таму ў нас дакладна няма магчымасьці ўдзельнічаць».
Пакуль незразумела, ці канчатковае гэтае рашэньне. У кожным выпадку, няўдзел зборнай, якая ўжо кваліфікавалася на фінальны турнір, у першынстве сьвету стане вельмі рэдкім выпадкам.
Турнір пройдзе з 11 чэрвеня па 18 ліпеня ў ЗША, Мэксіцы і Канадзе. Іранцы павінны правесьці тры сустрэчы групавога этапу супраць Бэльгіі, Эгіпту і Новай Зэляндыі якраз у гарадах ЗША, першыя два — у Інглвудзе, штат Каліфорнія, а трэці — у Сіэтле.
Прэзыдэнт Іранскай фэдэрацыі футболу Мэхдзі Тадж таксама намякнуў на байкот пасьля падзей вакол жаночай зборнай на Кубку Азіі ў Аўстраліі. Пяцёра футбалістак вырашылі застацца ў Аўстраліі пасьля таго, як урад краіны выдаў ім гуманітарныя візы.
«Які разумны чалавек адправіць сваю зборную ў Злучаныя Штаты, калі чэмпіянат сьвету будзе такім жа палітызаваным, як і ў Аўстраліі?» — спытаў Тадж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстралія дала прытулак пяці футбалісткам зборнай ІрануПрэзыдэнт ФІФА Джаньні Інфантына напісаў у Instagram, што на сустрэчы ў аўторак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў яму, што каманда Ірану «вядома, можа ўдзельнічаць у турніры ў Злучаных Штатах», нягледзячы на вайну. Пад допісам прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футболу адключыў камэнтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт FIFA заклікаў вярнуць Расею ў міжнародны футбол. МЗС Украіны назвала яго «маральным дэгенэратам»