Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія дала прытулак пяці футбалісткам зборнай Ірану

Жаночая зборная Ірану ў футболе
Жаночая зборная Ірану ў футболе

Іншыя прадстаўніцы зборнай пакуль ня могуць вылецець з Аўстраліі, дзе каманда была на турніры, бо самалёт адмаўляюцца прыняць іншыя краіны, празь якія іранкі мусяць кіравацца зь перасадкай.

Пяць футбалістак жаночай зборнай Ірану атрымалі гуманітарныя візы Аўстраліі. Пасьля гульні яны пакінулі гатэль, дзе кватаравала каманда, і пайшлі ў паліцыю, дзе напісалі заяву з просьбамі аб прытулку. Гэта дазволіць ім застацца ў краіне і не вяртацца на радзіму, дзе ім можа пагражаць небясьпека пасьля таго, як на Кубку Азіі яны адмовіліся сьпяваць дзяржаўны гімн.

Міністар унутраных спраў Аўстраліі Тоні Бэрк паведаміў BBC, што спартовак перамясьцілі ў бясьпечнае месца.

Іншым гуліцам зборнай таксама паведамілі, што ў іх ёсьць магчымасьць атрымаць гуманітарныя візы. Пакуль ім дазволілі заставацца ў Аўстраліі.

Абарону аўстралійскі бок даў іранкам пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Албанэзэ і заклікаў даць спартоўкам прытулак. З аналягічнымі заклікамі выступілі сын нябожчыка шаха Ірана Рэза Пэхлеві, праваабаронцы, а таксама пісьменьніца Джоан Роўлінг, аўтарка кніг пра «Гары Потэра».

2 сакавіка жаночая зборная Ірану правяла першы паядынак Кубку Азіі, які праходзіў у Аўстраліі. У час выкананьня нацыянальнага гімну футбалісткі стаялі моўчкі, некаторыя ўсьміхаліся. У Іране гэта расцанілі як палітычны пратэст. Вядоўца дзяржаўнага тэлеканалу Махамад Шахбазі заклікаў «строга» пакараць спартовак і назваў іх «здрадніцамі ваеннага часу». Ужо ў наступных гульнях іранкі сьпявалі гімн.

Некаторыя праваабаронцы сьцьвярджаюць, што спартоўкі пакінулі ў Іране сем'і, а ў некаторых там застаюцца дзеці, якія могуць апынуцца ва ўразьлівым становішчы. Магчыма, гэта было прычынай, чаму дзяўчыны ў наступных сустрэчах сьпявалі гімн.

CNN з спасылкай на сваю крыніцу паведамляе, што пасьля матчаў астатнія ўдзельніцы каманды ня здолелі паляцець на радзіму, бо ніводная краіна не дазваляе самалёту з іранкамі сесьці ў сваім аэрапорце, каб зрабіць перасадку на самалёт да Ірану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG