Белстат раскрыў зьвесткі аб паморку жывёлы, на які наракаў Лукашэнка: застаецца высокім

Каровы на пашы ў Беларусі. Архіўнае фота

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі летась зьнізілася на 3%.

Як паведамляе Белстат, на 1 студзеня 2026 года ў гаспадарках Беларусі налічвалася 4 мільёна галоў буйной рагатай жывёлы і 2,2 мільёна сьвіней. Год таму было 4 мільёна 21700 галоў буйной рагатай жывёлы і каля 2 мільёнаў сьвіней. З гэтых зьвестак бачна, што паморак сьвіней прыпыніўся, а вось кароў і быкоў — працягваецца.

За 2024 год колькасьць буйной рагатай жывёлы ў Беларусі зьнізілася на 79,4 тысячы галоў (на 1,9%), а сьвіней — на 284,3 тысячы галоў (на 12,5%), пра што пісаў Белстат у студзені 2025 году.

Як паведамляў Белстат, прырост вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы за 2025 год склаў 0,2%. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці вытворчасьць сельскай гаспадаркі зьнізілася на 2,7%, у Менскай — на 2,4%, у Горадзенскай — на 1,7%. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.

На паморак жывёлы наракаў і Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе ў Віцебску 24 кастрычніка 2025 году ён крытыкаваў мясцовых кіраўнікоў.

«Мы аналізуем сытуацыю ў вобласьці. Яна сумная. Яна горшая, чым дзе-небудзь, нават у тых пытаньнях, якія для нас непрымальныя, як паморак жывёлы. У вас рост 140% да ўзроўню мінулага году», — заявіў тады Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці вінаватага». Чаму ў Беларусі некалькі гадоў запар масава гінуць каровы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскай вобласьці плянуюць пабудаваць 111 «прафілякторыяў» для цялят, пра якія казаў Лукашэнка. ФОТА