У Беларусі завялі справу супраць блогеркі Ваданосавай, якая жыве за мяжой, нібыта за «рэабілітацыю нацызму»

Кацярына Ваданосава на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», 6 жніўня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура заявіла, што выявіла «рэабілітацыю нацызму ў асьветніцкіх лекцыях» ураджэнкі Менску, што знаходзіцца за межамі Беларусі, супраць яе завялі крымінальную справу.

Як адзначаецца ў паведамленьні пракуратуры, справу завялі паводле ч. 3 артыкулу 130-1 Крымінальнага кодэксу паводле факту «сьвядомых дзеяньняў па рэабілітацыі нацызму».

У матэрыялах справы адзначаецца, што нібыта «39-гадовая ўраджэнка Менску, знаходзячыся за межамі Беларусі і маніпулюючы ў групе зь іншымі грамадзянамі асобнымі фактамі з гісторыі краіны, на сыстэмнай аснове вырабляла і разьмяшчала на агульнадаступным YouTube-канале відэаролікі ў форме асьветніцкіх лекцый. Як вядучая падкасту, яна пазыцыянавала сябе як кампэтэнтную асобу, якая мае веды па названым гістарычным пэрыядзе».

Мова ідзе аб відэазапісе «Галоўны міт Другой усясьветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?» на YouTube-канале «Будзьма Беларусамі!», у якім вядоўцай зьяўляецца Кацярына Ваданосава.

У размове з Свабодай Кацярына пацьвердзіла, што крымінальную справу супраць яе завялі менавіта за гэты запіс, але яе саму аб гэтым ніяк не інфармавалі. Паводле яе, за тыдзень да гэтай інфармацыі Генэральнай пракуратуры дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак зноў згадваў яе імя, суправаджаючы характэрнымі для яго рэзкімі ацэнкамі яе дзейнасьці. «Таму наступствы гэтага былі толькі пытаньнем часу», — мяркуе яна.

«Я ніяк [да гэтага ня стаўлюся]. У мяне ў Беларусі нічога і нікога не засталося, таму мне сапраўды ніяк», — сказала Кацярына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваданосава, Гардзіенка і Юрэвіч сталі ляўрэатамі прэміі Багушэвіча

39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядучая, блогерка, спявачка, гісторык па адукацыі. Пасьля палітычна матываванага перасьледу змушана пакінула з сям’ёй Беларусь. Цяпер пражывае ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Кацярыны Ваданосавай памерла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчула сябе загнанай у кут». Чаму гісторыя з рашэньнем аб дэпартацыі маці Ваданосавай можа тычыцца многіх