Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам і прэмʼер-міністрам Італіі

Сьвятлана Ціханоўская і Джорджа Мэлёні на сустрэчы 9 сакавіка, фота з урадавага сайту Італіі

9 сакавіка ў Рыме адбылася двухбаковая сустрэча паміж Сьвятланай Ціханоўскай і прэзыдэнтам Італіі Сэрджа Матарэлем, а таксама з прэм’ер-міністаркай Джорджай Мэлёні.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала італійскім палітыкам за падтрымку беларускага народу і дэмакратычных сілаў і падкрэсьліла важнасьць узмацненьня эўрапейскай пэрспэктывы для беларусаў, — гаворыцца на сайце беларускай дэмакратычнай лідэркі.

Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэля

З Джорджай Мэлёні Сьвятлана Ціханоўская размаўляла пра неабходнасьць падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў, асабліва тых, хто выйшаў з турмаў. Ціханоўская апавяла пра Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя ініцыятывы, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і іхным семʼям, і заклікала Італію далучыцца, паведаміў сёньня тэлеграм-канал дэмакратычнай лідэркі беларусаў.

«Гэта была шчырая і зьмястоўная размова. Прэмʼер-міністарка Мэлёні падтрымлівае беларускі народ і нашую працу дзеля дэмакратычных пераменаў. Мы шмат увагі прысьвяцілі ня толькі геапалітычным, але і гуманітарным пытаньням і наступным крокам у вызваленьні палітвязьняў», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Таксама Ціханоўская ў Італіі сустрэлася зь міністрам замежных справаў Антоніё Таяні, старшынёй Палаты дэпутатаў Лярэнца Фантана, італьянскімі дэпутатамі з групы сяброў дэмакратычнай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская апярэджвала Лукашэнку: сацыёлягі паказалі, як галасавалі беларусы ў 2020 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Рыме: беларускія жанчыны стануць тымі, хто зруйнуе дыктатуру