Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская апярэджвала Лукашэнку: сацыёлягі паказалі, як галасавалі беларусы ў 2020 годзе

Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж.
Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж.

Дасьледчыкі прадставілі працу пра электаральную гісторыю Беларусі і дынаміку даверу за 25 гадоў.

Сузаснавальнікі новай аналітычнай ініцыятывы «Беларуская сацыялягічная група» прадставілі дасьледаваньне «Давер у эпоху перамен: электаральная гісторыя Беларусі (2001–2025)». Аўтары называюць яго першай сыстэмнай спробай прааналізаваць, як зьмяняліся грамадзкія настроі, палітычны ўдзел і давер да ўлады ў Беларусі на працягу апошніх 25 гадоў.

Дасьледаваньне рэканструюе электаральныя цыклы ў Беларусі з 2001 да 2025 года і аналізуе, як выбарчыя кампаніі ўплывалі на адносіны паміж грамадзтвам і дзяржавай. Паводле аўтараў, перад кожнымі выбарамі ў Беларусі звычайна назіралася частковая лібэралізацыя і рост палітычнай актыўнасьці, пасьля чаго ўлада зноў узмацняла кантроль над палітычнай сыстэмай.

Асобная частка працы прысьвечаная дынаміцы даверу да дзяржаўных інстытутаў. Дасьледчыкі адзначаюць, што ўзровень падтрымкі ўлады ў грамадзтве не заўсёды адпавядаў афіцыйным вынікам выбараў, а з часам палітычная сыстэма станавілася ўсё больш закрытай.

Ключавым пераломным момантам у дасьледаваньні названыя падзеі 2020 года. Аналіз закрытых і публічных сацыялягічных дадзеных паказвае, што ўзровень даверу да кіраўніцтва краіны ў выбарчыя гады звычайна не перавышаў 50%. Гэта азначае, што нават у пэрыяды афіцыйных «вялікіх перамог» улады падтрымка ў грамадзтве была значна ніжэйшай за афіцыйныя вынікі выбараў.

Паводле аналізу сацыялягічных дадзеных, Сьвятлана Ціханоўская атрымала значна большую падтрымку за Аляксандра Лукашэнку, прыкладна ў паўтара раза. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года яўка склала 84,3%. Пераможцам быў абвешчаны Аляксандр Лукашэнка з 80,1% галасоў. Ягоная асноўная суперніца Сьвятлана Ціханоўская, як сьцьвярджалася, атрымала 10,1%.

Аднак вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, заснаванага ў тым ліку на закрытым апытаньні Інстытута сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паказалі іншую карціну. Паводле ацэнак удзельнікаў апытаньня, 33% заявілі, што падтрымалі Ціханоўскую, тады як Лукашэнку назвалі сваім кандыдатам каля 21% апытаных. Пры гэтым прыкладна чвэрць рэспандэнтаў адмовіліся адказваць, што аўтары дасьледаваньня зьвязваюць з асьцярогай адкрыта выказваць сваю пазыцыю.

У працы таксама адзначаецца, што на выбарах 2020 года прыкметна зьмянілася электаральная структура: падтрымка альтэрнатыўнай кандыдаткі аказалася асабліва высокай сярод моладзі, тады як база падтрымкі Лукашэнкі ў асноўным захавалася сярод людзей старэйшага ўзросту, сельскіх жыхароў і часткі насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў.

У прыватнасьці, сярод моладзі ва ўзросьце 18–24 гадоў за Ціханоўскую прагаласавалі 52,4%, а за Лукашэнку — толькі 5,6%. У ўзроставай групе 25–34 гады падтрымка Ціханоўскай склала 45,4%, Лукашэнкі — 6,5%. Сярод пэнсіянэраў старэйшых за 65 гадоў за Лукашэнку аддалі галасы 46,6% рэспандэнтаў, за Ціханоўскую — 17,2%. У Менску Ціханоўскую падтрымалі 35,4% жыхароў, Лукашэнку — 14,1%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG