У сьпісе кааліцыі, аб існаваньні якой 9 сакавіка завяілі беларускія спэцслужбы — выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску: Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. А таксама 6 канкрэтных асобаў — выдаўцоў, распаўсюднікаў. Адны працуюць у Польшчы (Kamunikat.org, Yanushkevich), хтосьці ў Літве (Lohvinau), выдавецтва «Зьміцер Колас» у Беларусі, але было ліквідаванае ў 2024 годзе.
«Няма кааліцыі, не існуе і экстрэмісцкага фармаваньня»
Тое, што ўсіх такіх розных людзей аб’ядналі ў адну кааліцыю, выглядае дзіўна, мяркуе дырэктар Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.
«Нават ня ведаю, як да гэтай навіны аднесьціся. Не магу ў гэта паверыць, бо гэта нейкі абсурд — не існуе такой кааліцыі, у якую б уваходзілі названыя суб’екты і асобы. Калі няма такой кааліцыі, то і не існуе экстрэмісцкага фармаваньня. Якім чынам нас зьвязалі ў адну зьвязку з Коласам, Яўдахам?
Наагул я думаю, што ўсе гэтыя нібыта экстрэмісцкія фармаваньні, якія доўгі час рэжым уносіць у нейкія дзіўныя сьпісы — такі самы абсурд, а гэты выпадак — працяг яго. Мне тут прыгадваюцца шытыя белымі ніткамі справы савецкага часу: за трацкізм, «яжоўшчыну», «Саюз вызваленьня Беларусі», — праводзіць аналёгію Яраслаў Іванюк.
«Спроба стварыць штучную канструкцыю»
Кіраўніца Інстытуту беларускай кнігі Лілія Ільюшына канстатуе, што адбываецца ціск ня толькі на кніжную і кнігавыдавецкую сфэру.
«Гэта працяг шматгадовага ціску на беларускую культуру, які пасьля 2020 года перайшоў у форму жорсткіх рэпрэсій. Таму, калі адказваць на пытаньне, чаму беларускія ўлады баяцца кніг і выдаўцоў, адказ даволі просты: яны баяцца самога факту іх існаваньня — гэтак жа, як баяцца музыкаў, мастакоў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў і людзей любой іншай дзейнасьці, калі яны застаюцца актыўнымі, незалежнымі і неабыякавымі», — кажа Ільюшына.
Што да так званай «кааліцыі выдаўцоў», у якую супрацоўнікі КДБ аб’ядналі Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, выдавецтва «Зьміцер Колас», канкрэтных распаўсюднікаў беларускіх кніг, то такой кааліцыі ў рэчаіснасьці не існуе — ні ў абвешчаным складзе, ні ў якім іншым, запэўнівае кіраўніца Інстытуту беларускай кнігі Лілія Ільюшына.
«Відавочна, што, ня маючы рэальных аргумэнтаў наконт сувязяў ці арганізаванай супрацы паміж названымі людзьмі і выдавецтвамі, прадстаўнікі рэжыму проста прыдумалі такую структуру. Гэта выглядае як спроба стварыць штучную канструкцыю, каб апраўдаць чарговы ціск на людзей, якія працуюць у беларускай культурнай прасторы», — кажа суразмоўца.
«Будзем працягваць»
Што да выдаўцоў, дырэктар Фонду «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк запэўнівае, што яны будуць працягваць працаваць, як і раней.
«Думаю, прасьцей працаваць ад гэтага ня стане. Што тычыцца канкрэтна нашых кніг, яны ў Беларусі і раней фактычна не былі даступныя. Мала хто іх замаўляў у Беларусь, а калі і замаўляў, то яны часам і не даходзілі да адрасата.
Мы будзем і далей напаўняць зьместам інтэрнэт-бібліятэку „Камунікат“, будзем аблічбоўваць газэты, кнігі, якіх яшчэ не было ў нас на сайце. Будзем працягваць выдаваць кнігі, запісваць аўдыёбукі, праводзіць аўтарскія сустрэчы. Розныя аўтары, розныя кнігі, розныя тэмы — так што сардэчна запрашаем, уся інфармацыя ў нашых сацсетках», — кажа спадар Іванюк.
Ён распавёў, што бліжэйшыя сустрэчы з чытачамі адбудуцца ў чацьвер 12 сакавіка ў Варшаве ў Цэнтры беларускай салідарнасьці, у нядзелю ў Музэі Вольнай Беларусі, і ў Познані падчас Міжнароднага кніжнага кірмашу.
Кароткая хроніка перасьледу выдаўцоў з пачатку 2026 года
Некалькі беларускіх выдавецтваў і выдаўцоў пасьля забароны ў Беларусі аднавілі працу ў іншых краінах: Польшчы, Літве, Нямеччыне, Чэхіі, Брытаніі.
Улады Беларусі пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» вэб-старонкі, акаўнты, каналы ў сацыяльных сетках гэтых выдавецтваў: Instagram-акаўнт лёнданскага выдавецтва і онлайн-крамы беларускіх кніг «Скарына» (Skaryna Press), вэб-старонку і інстаграм познаньскага выдавецтва RozUM Media і іншых.
16 лютага 2026 КДБ прызнаў кракаўскае выдавецтва «Gutenberg Publisher» экстрэмісцкім фармаваньнем. Раней суд Кастрычніцкага раёну Менску «экстрэмісцкімі» прызнаў некаторыя кнігі гэтага выдавецтва. Да прыкладу, «Чырвоны крыж» і «Слон» Сашы Філіпенкі.
16 лютага сайт Беларускага ПЭНа і ўсе сацыяльныя сеткі (Instagram, Facebook, X, YouTube і іншыя) былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 27 лютага КДБ Беларусі прыняў рашэньне аб прызнаньні Беларускага ПЭНа «экстрэмісцкім фарміраваньнем».
17–18 лютага ў Менску прайшлі масавыя затрыманьні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Пад ціск трапілі як супрацоўнікі дзейных выдавецтваў, так і тыя, хто некалі працаваў на ўжо закрытыя. Ператрусы прайшлі і ў кіраўнікоў, і ў шараговых супрацоўнікаў, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюдам кніжнай прадукцыі. Некаторыя знаходзяцца за кратамі дагэтуль.