Сьледчы камітэт Беларусі набыў сувэнірныя гадзіньнікі па 800 даляраў

Каляж. Гадзіньнікі прэміяльнай калекцыі «Сырыюс» заводу «Луч»

Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Беларусі замовіў у канцы 2025 году 20 мужчынскіх наручных мэханічных гадзіньнікаў у падарункавай упакоўцы за 48 480 рублёў (каля 16 тысяч даляраў), ці 2424 рублі за адзінку, што складае прыкладна 800 даляраў.

Гэта вынікае з дадзеных тэндэру, праведзенага на сайце дзяржаўных закупаў. Крыніца фінансаваньня — дзяржаўны бюджэт.

У дакумэнтах закупкі не ўдакладняецца, каму прызначаныя гэтыя каштоўныя гадзіньнікі. Пры гэтым іх цана амаль роўная сярэдняму заробку ў Беларусі за 2025 год, які, згодна са зьвесткамі Дзяржаўнага статыстычнага камітэту, складаў 2693 рублі.

Дамову на выраб такіх гадзіньнікаў паводле адмысловай замовы Сьледчы камітэт падпісаў зь Менскім гадзіньнікавым заводам «Луч» 13 лістапада, а паставіць іх мелі да 22 сьнежня 2025 году.

У заяўцы на закупку пазначана, што гадзіньнікі павінны быць мужчынскія з мэханізмам «Луч 2616М». У дужках гэтая мадэль расшыфраваная як швайцарскі мэханізм SW200-1A. Сярод іншых патрабаваньняў — раменьчык з натуральнай скуры, сапфіравае шкло з антыблікам зь пярэдняга боку, задняя накрыўка корпусу з мінэральнага шкла, наяўнасьць календара. Да гадзіньніка павінна быць вырабленая падарункавая драўляная ўпакоўка з гравэраваньнем.

У размове з Свабодай былы супрацоўнік заводу «Луч» пацьвердзіў, што такое апісаньне гадзіньніка падыходзіць пад парамэтры прэміяльнай калекцыі заводу пад назвай «Сырыюс». Як адзначыў суразмоўца, гэта найдаражэйшыя гадзіньнікі прадпрыемства.

«Калі я там працаваў, яны менш каштавалі, здаецца, каля 400 даляраў, але цяпер на ўсё цэны падняліся. Гэтая мадэль цалкам з Кітаю прыходзіць, там швайцарскі мэханізм, а на “Лучы” толькі зборка», — сказаў суразмоўца.

І сапраўды, на афіцыйным сайце «Луча» можна знайсьці некалькі варыянтаў гадзіньнікаў з калекцыі «Сырыюс», цана якіх акурат каля 800 даляраў.

Як адзначыў былы супрацоўнік заводу «Луч», дзяржаўныя органы мелі завядзёнку замаўляць такія гадзіньнікі і раней, але калекцыю «Сырыюс» замаўлялі звычайна толькі «найвышэйшаму кіраўніцтву».

«Калі нехта раней замаўляў для супрацоўнікаў партыю звычайных гадзіньнікаў, часам у якасьці сувэніраў прасілі яшчэ асобна для кіраўніцтва найдаражэйшыя, і менавіта вось гэтую калекцыю ў тым ліку завод ім прапаноўваў».

Гэта не адзіны выпадак куплі сувэніраў цэнтральным апаратам Сьледчага камітэту. На сайце дзяржаўных закупаў ёсьць некалькі падобных тэндэраў, зь якіх вынікае, што за мінулы год для патрэбаў гэтага дзяржаўнага органу за бюджэтныя сродкі набылі каля 168 наручных сувэнірных гадзіньнікаў на суму прыкладна 161 тысяча рублёў, або амаль 53 тысячы даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка ператварыў урадавы гараж ва ўласны аўтабізнэс на дзяржаўныя грошы. РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ