У Берасьце яго прызначылі 8 студзеня 2024 году, а да таго ён працаваў намесьнікам начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту ў Горадзенскай вобласьці і на гэтай пасадзе зрабіў некалькі рэзанансных заяваў.
28 сакавіка 2021 году Віктар Леган заявіў, што кожнага вінаватага ў абразах і пагрозах на адрас прадстаўнікоў улады будуць прыцягваць да адказнасьці.
«Значную частка такіх супрацьпраўных дзеяньняў учыняюць у інтэрнэце. Многія ўпэўнены, што іхная асоба ня будзе высьветленая і яны ўнікнуць адказнасьці. Такія меркаваньні памылковыя і зьяўляюцца наступствам дэзынфармацыі з боку дэструктыўна настроеных асобаў, як правіла, тых, хто знаходзіцца за межамі краіны і падбухторвае да небясьпечных для грамадзтва дзеяньняў», — заяўляў ён.
«Адметна, што людзі, паддащшыся эмоцыям і ўплыву дэструктыўных Telegram-каналаў, пішуць абразьлівыя камэнтары і паведамленьні з пагрозамі, пасьля чаго забываюцца на гэта. Аднак надыходзіць час адказваць за свае ўчынкі, і часьцей за ўсё цана занадта высокая», — казаў Віктар Леган і пагражаў такім людзям пазбаўленьнем волі да 6 гадоў.
16 лістапада 2021 году ён абвінаваціў польскіх памежнікаў у выкарыстаньні імі супраць мігрантаў хімічных рэчываў і гвалту. Тады на мяжу нават прыслалі сьледчую групу і спэцыялістаў Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў, але аб выніках гэтай справы не паведамлялася. Гэта адбылося ў разгар справакаванага ўладамі Беларусі і Расеі мігранцкага крызісу, накіраванага супраць краін ЭЗ — Латвіі, Літвы і Польшчы.
Тады Віктар Леган заяўляў, што пры аглядзе месца знойдзеныя, зафіксаваныя і сабраныя сьляды ўжываньня сьлезацечнага газу пры дапамозе стрэлаў газавых гранат, а таксама сьляды хімічнага рэчыва, якое выкарысталі пры ўжываньні вадамётаў.
У той жа час у 2020 годзе, калі адбываліся масавыя акцыі пратэсту, Віктар Леган адмаўляўся заводзіць справы аб гвалце супраць пратэстоўцаў.
Форум