Затрыманых у Вугоршчыне інкасатараў вызвалілі, але грошы вярнуць пакуль не ўдалося

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга паведаміў, што затрыманых у Вугоршчыне семярых украінскіх грамадзянаў удалося вызваліць, і цяпер яны ўжо на ўкраінскай тэрыторыі.

Грошы і каштоўнасьці, як вынікае з допісу Сыбігі, вярнуць пакуль не ўдалося.

Сыбіга таксама заявіў пра «расейскі почырк вугорскіх правакацый».

«Голас Масквы з вугорскага крэсла гучыць усё мацней. Гэта павінны ўсьведамляць усе ў Эўропе — ад Брусэлю да кожнай сталіцы», — адзначыў Сыбіга.

Вечарам 5 сакавіка ў Вугоршчыне затрымалі інкасатарскія машыны ўкраінскага «Ощадбанку» з 40 мільёнамі даляраў ЗША, 35 мільёнамі эўра і 9 кг золата. Банк заявіў, што ня бачыць ніякай магчымай юрыдычнай падставы для гэтага затрыманьня.

Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, «пакуль Кіеў не прадаставіць выразных тлумачэньняў наконт паходжаньня і прызначэньня сродкаў, вугорскія ўлады правядуць стараннае расьсьледаваньне».

Днём каля амбасады Ўкраіны ў Вугоршчыне кіроўная партыя правяла мітынг, на якім Сіярта выступіў з крытыкай Украіны.

МЗС Украіны заклікала ўстрымацца ад паездак у Вугоршчыну яе праз пагрозу бясьпецы.

Перад гэтым Украіна і Вугоршчына абмяняліся некалькімі рэзкімі заявамі, якія былі выкліканыя спыненьнем транзыту нафты праз пашкоджаны ў выніку расейскага абстрэлу нафтаправод «Дружба», а таксама празь перадачу Расеяй Будапэшту ваеннапалонных грамадзян Украіны, якія адначасова мелі вугорскае грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан прыгразіў прарваць нафтавую блякаду Ўкраіны сілай. Зяленскі — даць тэлефон «адной асобы ў Эўразьвязе» ўкраінскім вайскоўцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абвінаваціла Вугоршчыну ў выкраданьні супрацоўнікаў украінскага банку з інкасацыяй і аўтамабілямі