Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна абвінаваціла Вугоршчыну ў выкраданьні супрацоўнікаў украінскага банку з інкасацыяй і аўтамабілямі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў аб выкраданьні ў Вугоршчыне сямі прадстаўнікоў дзяржаўнага банку «Ощадбанк», якія выконвалі рэйс на двух інкасатарскіх машынах паміж Аўстрыяй і Ўкраінай для перавозкі грошай і каштоўнасьцяў у межах рэгулярных перавозак паміж дзяржаўнымі банкамі.

«У Будапэшце вугорская ўлада захапіла ў закладнікі сем грамадзян Украіны. Прычыны, а таксама іх стан здароўя і магчымасьць сувязі зь імі дагэтуль невядома», — паведаміў Андрэй Сыбіга ўвечары 5 сакавіка.

Украінскі міністар назваў гэта «дзяржаўным тэрарызмам і рэкетам».

Андрэй Сыбіга дадаў, што Ўкраіна накіравала Вугоршчыне адпаведную афіцыйную ноту, а таксама неўзабаве зьвернецца ў Эўрапейскі зьвяз наконт «дакладнай кваліфікацыі незаконных дзеяньняў Вугоршчыны, захопе закладнікаў і рабаваньня».

Перад гэтым ва ўкраінскім дзяржаўным банку «Ощадбанк» паведамілі аб беспадстаўным затрыманьні ў Вугоршчыне двух аўтамабіляў інкасатарскай службы, якія суправаджалі сем супрацоўнікаў брыгады інкасацыі. Яны перавозілі замежную валюту і банкаўскія мэталы з аўстрыйскага Raiffeisen Bank у «Ощадбанк Україна».

Паводле GPS-сыгналу, аўтамабілі знаходзяцца ў цэнтры Будапэшту, паблізу адной з сілавых структур Вугоршчыны. Іх месца знаходжаньня пацьвердзілі прадстаўнікі амбасады Ўкраіны ў Вугоршчыне.

Банк ацэньвае аб’ём каштоўнасьцяў, якія былі ў аўтамабілях, у 40 мільёнаў даляраў, 35 мільёнаў эўра і 9 кіляграмаў золата.

Перад гэтым інцыдэнтам Украіна і Вугоршчына абмяняліся некалькімі рэзкімі заявамі, якія былі выкліканыя спыненьнем транзыту нафты праз пашкоджаны ў выніку расейскага абстрэлу нафтаправод «Дружба», а таксама праз незаконную перадачу Расеяй Будапэшту ваеннапалонных грамадзян Украіны, якія адначасова мелі вугорскае грамадзянства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG