Такую інфармацыю газэта Washington Post падае, спасылаючыся на тры свае крыніцы. Паводле суразмоўцаў выданьня, Масква перадае Тэгерану зьвесткі пра разьмяшчэньне вайсковых аб’ектаў ЗША, у тым ліку вайсковых караблёў і самалётаў.
Крыніцы сьцьвярджаюць, што такая дапамога пачалася пасьля пачатку баявых дзеяньняў і стала першай прыкметай таго, што Расея, як адзін з галоўных геапалітычных супернікаў ЗША, удзельнічае ў канфлікце, няхай і ўскосна.
«Гэта выглядае як даволі комплексная апэрацыя», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Расея, паводле крыніц, перадае Ірану інфармацыю аб разьмяшчэньні амэрыканскіх вайсковых актываў, што можа тлумачыць дакладнасьць некаторых нападаў Тэгерану. З пачатку баявых дзеяньняў Іран ужыў тысячы ўдарных бесьпілётнікаў і сотні ракет па амэрыканскіх вайсковых аб’ектах, дыпляматычных місіях і цывільных цэлях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: «Ніякай угоды з Іранам ня будзе — толькі безумоўная капітуляцыя!»1 сакавіка ў выніку атакі іранскага бесьпілётніка ў Кувэйце загінулі шасьцёра амэрыканскіх вайскоўцаў, яшчэ некалькі атрымалі раненьні.
Супольная ваенная апэрацыя ЗША і Ізраілю нанесла ўдары па 2000 цэляў на тэрыторыі Ірану, уключна з базамі балістычных ракет, вайскова-марскімі аб’ектамі і структурамі кіраўніцтва краіны.
Прэс-сакратарка Белага дому Ганна Кельлі, камэнтуючы хаду вайны, заявіла, што ўдары ў адказ Ірану балістычнымі ракетамі скарачаюцца з кожным днём, іх флёт зьнішчаецца, вытворчыя магутнасьці разбураюцца, а проксі-групоўкі практычна не аказваюць супраціву.
У ЦРУ і Пэнтагоне адмовіліся камэнтаваць паведамленьні аб магчымай дапамозе Расеі Ірану. Кіраўнік Пэнтагону Піт Гегсэт таксама заявіў, што Расея і Кітай «ня ёсьць чыньнікамі» ў бягучым канфлікце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спыніліся пастаўкі выбухоўкі, праблемы для «беларускага аўтамата». Як уплывае на беларускую вайсковую вытворчасьць вайна на Блізкім УсходзеВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.