Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: «Ніякай угоды з Іранам ня будзе — толькі безумоўная капітуляцыя!»

Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што патрабуе ад Ірана безумоўнай капітуляцыі.

«Ніякай угоды з Іранам ня будзе — толькі безумоўная капітуляцыя!» — напісаў ён у сваёй сацсетцы Truth Social.

Паводле Трампа, пасьля таго як улады Ірана капітулююць і абяруць новага «вялікага і прымальнага» лідэра, ЗША і іх партнэры будуць «нястомна працаваць над тым, каб адвесьці Іран ад краю бездані і зрабіць ягоную эканоміку большай, лепшай і мацнейшай, чым калі-небудзь раней».

Днём раней Трамп заявіў выданьню Axios, што хоча асабіста ўдзельнічаць у выбары наступнага лідэра Ірана, каб ім ня стаў чалавек, які будзе працягваць палітыку Алі Хамэнэі. Ён назваў непрымальным магчымае прызначэньне Маджтаба Хамэнэі — сына забітага аяталы.

Пры гэтым міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт і іншыя афіцыйныя асобы заяўлялі, што мэта апэрацыі — ня зьмена рэжыму, а аслабленьне ягонага ваеннага патэнцыялу і ліквідацыя пагрозы атрыманьня ім ядзернай зброі, адзначае Axios.

У Пэнтагоне заявілі, што за шэсьць дзён амэрыканскія вайскоўцы затапілі больш за 30 іранскіх караблёў, зьнішчылі 60 адсоткаў ягоных пускавых установак, а колькасьць балістычных ракетных атак Ірана скарацілася на 90%.

Іран у адказ атакуе Ізраіль і амэрыканскую інфраструктуру ў краінах Блізкага Ўсходу. Пад удары трапляюць цывільныя аб’екты і энэргетычная інфраструктура.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG