У студзені 2023 года дзьве не зьвязаныя адна з адной крыніцы паведамілі «Люстэрку» аб затрыманьні 41-гадовага Дзьмітрыя Даліньніка. На той момант ён быў начальнікам упраўленьня па злачынствах у фінансава-крэдытнай сфэры цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі.
Менавіта ён узначальваў сьледчую групу па «справе Tut.by», піша выданьне «Люстэрка». Яно мела інфармацыю, што гэтага сілавіка арыштавалі за хабар, гэтую ж інфармацыю пацьвярджаў і ByPol. Чым скончылася справа, афіцыйна не паведамлялася. Аднак «Люстэрка» змагло гэта высьветліць цяпер.
Выданьню стала вядома, што Дзьмітрый Даліньнік цяпер знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 3 «Віцьба». Пра гэта паведаміла крыніца, знаёмая з сытуацыяй. Паводле яе інфармацыі, былы начальнік упраўленьня адбывае пакараньне па ч. 3 арт. 430 КК РБ (Атрыманьне хабару арганізаванай групай). Суд пакараў яго на 14 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмістак» больш, чым у 2023-м. Марына Золатава расказала пра жанчын, якія застаюцца за кратаміПерасьлед Tut.by
Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 году. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж году стварыла праект Zerkalo.io, які прытрымліваецца традыцый Tut.by. У Беларусі і Расеі доступ да сайту заблякаваны. Кантэнт сайту ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Агулам у «справе Tut.by» былі затрыманыя 15 чалавек. Зь цягам часу агульная колькасьць абвінавачаных скарацілася да пяці, пазьней пад вартай заставаліся двое (Марына Золатава і Людміла Чэкіна). Марына Золатава была вызваленая і вывезеная зь Беларусі ў сьнежні 2025 году. За кратамі застаецца былая генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна.
3 сьнежня 2020 году Эканамічны суд Менску пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 году — прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Золатава распавяла пра палітзьняволеную, якая страціла за кратамі зрок пасьля інсультуПра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.