Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Золатава распавяла пра палітзьняволеную, якая страціла за кратамі зрок пасьля інсульту

Гомельская жаночая калёнія. Архіўнае фота
Гомельская жаночая калёнія. Архіўнае фота

Былая палітзьняволеная Марына Золатава напісала пра лёс Вольгі Чукаравай, якая за кратамі перанесла інсульт і страціла зрок.

Марына Золатава ў фэйсбуку паведаміла, што ў палітзьняволенай Вольгі Чукаравай дачка-падлетак — у інтэрнаце, сын — у арміі, маці — інвалід першай групы, прыкаваная да ложка.

Вольга Чукарава, архіўнае фота
Вольга Чукарава, архіўнае фота

Вользе Чукаравай 50 год, яна працавала бухгальтарам у складанай авіяцыйнай сфэры, яе затрымалі восеньню 2024 году, паводле артыкулаў 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня або ўдзел у ім) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — яе пакаралі на 4 гады зьняволеньня.

«У СІЗА перанесла інсульт. Страціла зрок. Наогул, цалкам», — паведаміла пра яе Золатава.

«А Вольга старалася не скардзіцца. Нават калі ціск 210 (вы ж памятаеце пра інсульт?). Прасіла толькі, каб навучылі — каб прасьцей было перасоўвацца навобмацак. Навучылася. Пасьля карантыну пару дзён пабыла ў атрадзе. Потым адправілі ў санчастку. Вазілі на абсьледаваньні. Па чутках, дадаўся яшчэ адзін нядобры дыягназ».

Нягледзячы на гэта, жанчына застаецца ў зьняволеньні.

У кастрычніку 2025 года яе ўнесьлі ў пералік так званых экстрэмістаў і «сьпіс тэрарыстаў».

Раней вызваленая і вывезеная зь Беларусі былая галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава апублікавала ў фэйсбуку допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы для зьняволеных гомельскай жаночай калёніі, зь якімі яны сутыкаюцца зімой у маразы.

З гэтага допісу стала вядома, што зьняволеная Натальля Левая за кратамі чакае дзіця. Пазьней стала вядома, што яе памілавалі і яна выйшла на волю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG