Сьцісла
- Памілаваньне 5 сакавіка мае сымбалічнае значэньне, яно было прымеркавана да Дня жанчын.
- Гэтае памілаваньне таксама было заклікана перабіць нэгатыўны для ўладаў Беларусі рэзананс ад сьмерці палітзьняволенай Алены Панковай.
- У ЗША заўважылі чарговы акт памілаваньня і заклікалі да вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
5 сакавіка Аляксандар Лукашэнка памілаваў 18 вязьняў, у тым ліку 15 асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў, гэта значыць палітвязьняў. Памілаваньне фармальна адбылося ня ў рамках беларуска-амэрыканскага перамоўнага працэсу, што важна зафіксаваць. Бо гэта азначае пэўнае адрозьненьне самога працэсу вызваленьня.
Па-першае, памілаваных няшмат — на волю выйшлі толькі 18 вязьняў, у тым ліку 15 «палітычных». Нагадаю, у сьнежні мінулага году ў выніку перамоваў у Менску з удзелам спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла былі вызваленыя 123 палітзьняволеныя. Колькасьць непараўнальная.
Па-другое, калі вызваленых у рамках беларуска-амэрыканскага перамоўнага трэку абавязкова выганяюць зь Беларусі, вывозяць за мяжу, то людзей, якія выходзяць паводле працэдуры памілаваньня па-за межамі дамоўленасьцяў з ЗША, пакідаюць у краіне.
Памілаваньне 5 сакавіка мае сымбалічнае значэньне, яно было прымеркавана да Дня жанчын. Інфармацыя пра яго зьявілася адразу пасьля цырымоніі ўручэньня Лукашэнкам дзяржаўных узнагародаў жанчынам з нагоды сьвята. У паведамленьні ягонай прэсавай службы адмыслова падкрэсьліваецца, што сярод памілаваных — 11 жанчын, 6 зь іх маюць дзяцей, адна жанчына на апошніх днях цяжарнасьці, яшчэ адна вызваленая — дзяўчына, якую асудзілі за ўчыненае ў 16 гадоў. Памілаваныя таксама дзьве сямейныя пары. Такі нібыта гуманізм да жанчын з нагоды сьвята Дня жанчын і аб’яўленага ў Беларусі «Году беларускай жанчыны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хатнім хімікам» прапаноўваюць замяніць пакараньне на папраўчыя работы. Расказваем падрабязьнейБылі яшчэ важныя нагоды для гэтага акту памілаваньня. Якраз напярэдадні зьявілася інфармацыя аб сьмерці палітзьняволенай Алены Панковай, якую паўгоду таму асудзілі за ўдзел у пратэстах на «хатнюю хімію». Пра гэта паведамілі ўсе незалежныя мэдыя, што стварыла для ўладаў нэгатыўны інфармацыйны фон перад новым раўндам перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, які чакаецца неўзабаве. Таму ўзьнікла патрэба перабіць такі непрыемны для ўладаў Беларусі рэзананс нейкім пазытыўным актам.
Акрамя таго, атмасфэру беларуска-амэрыканскіх адносінаў сапсавалі яшчэ дзьве падзеі. Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ляцець у Вашынгтон на паседжаньне Рады міру на запрашэньне Дональда Трампа. А міністру замежных справаў Масксіму Рыжанкову, які меў замяніць Лукашэнку на згаданым мерапрыемстве, амэрыканцы адмовілі ў візе.
Другая падзея, якая зьлёгку напружыла беларуска-амэрыканскія адносіны, — гэта атака Ізраілю і ЗША на Іран, якая вылілася ў ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе. Афіцыйны Менск, няхай і вельмі асьцярожна, але выказаўся ў падтрымку Ірану.
І вось дзеля таго, каб стварыць спрыяльную атмасфэру для новых перамоваў з ЗША, і зьявіўся гэты акт памілаваньня.
І ў ЗША яго заўважылі.
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл зрабіў запіс на плятформе Х:
«Дзякуй, прэзыдэнт Лукашэнка, за памілаваньне сёньня 18 палітвязьняў. Гэта яшчэ адзін важны крок у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю, бо прэзыдэнт Трамп даручыў мне вызваліць усіх палітвязьняў».
У гэтым кароткім запісе важна адзначыць тры моманты. Коўл называе Лукашэнку «прэзыдэнтам», хоць і без дадатковых дыпляматычных рэвэрансаў, кшталту «містэр», «глыбокапаважаны» і інш. Затым адзначаецца, што за працэсам выхаду на волю беларускіх палітвязьняў назірае сам Дональд Трамп.
І, нарэшце, галоўная выснова: амэрыканскі прэзыдэнт «даручыў мне вызваліць усіх палітвязьняў». Вось гэты тэзіс пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх палітвязьняў гучыць з вуснаў і Коўла і Трампа рэфрэнам, яго прагаворвалі ўжо ня раз. Гэта фармуе пэўную рамку перамоўнага працэсу паміж Менскам і Вашынгтонам, за межы якой і Лукашэнку ня так проста выйсьці. Што дае ўсім нам надзею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму 10 гадоў таму дыялёг з Лукашэнкам спрацаваў, а цяпер — не працуе — Шрайбман тлумачыць розьніцу