2250 палітычных «хімікаў»
Паводле праваабаронцаў «Вясны», з 2020 году «хатнюю хімію» ў якасьці пакараньня прызначылі як мінімум 2250 беларусам, якіх перасьледавалі з палітычных прычынаў. Некаторыя ўжо адбылі яе, хтосьці тэрмінова выехаў за мяжу, пачуўшы прысуд. Але літаральна кожны дзень суды ў Беларусі выносяць новыя выракі, караючы «хатняй хіміяй»: у «справе Гаюна», за дапамогу іншым асуджаным, за камэнтары ў сацыяльных сетках. Праваабаронцы прызнаюцца, што дакладную актуальную колькасьць «хатніх хімікаў» у краіне вызначыць цяжка.
«Хатняя хімія» — гэта народная назва таго, што афіцыйна завецца абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую установу адкрытага тыпу. Асуджаны жыве ў сябе дома, можа хадзіць на працу, аднак увесь час ён пад кантролем міліцыі. Нельга быць па-за домам у непрацоўны час, перамяшчацца дазволена толькі пэўнымі маршрутамі. Трэба адзначацца ў пастарунку міліцыі, прычым міліцыянты могуць у кожны момант прыйсьці з праверкай дадому альбо пазваніць на мэсэнджар і загадаць чалавеку паказаць, дзе ён зараз знаходзіцца. Катэгарычна забаронена ўжываць алькаголь. У выпадку парушэньняў «хатняя хімія» можа стаць проста «хіміяй» (пашлюць у папраўчую ўстанову) або нават калёніяй.
Як стала вядома праваабаронцам, апошнімі месяцамі супрацоўнікі крымінальна-папраўчых інспэкцыяў прапануюць беларусам, асуджаным паводле палітычных артыкулаў на «хатнюю хімію», зьмяніць пакараньне на мякчэйшае — папраўчыя работы з адлічэньнем чвэрці заробку ў карысьць дзяржавы. Пры гэтым абяцаюць скасаваць пэўныя абмежаваньні: ня будзе строгага графіку знаходжаньня дома, не павінна быць і міліцэйскіх праверак вечарамі і начамі. Для пераходу на новы парадак адбыцьця пакараньня трэба напісаць заяву, якую павінна ўхваліць міліцэйскае кіраўніцтва, а потым суд.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва ў размове з Свабодай тлумачыць, што папраўчыя работы — гэта не адпрацоўваньне дадатковых гадзін дворнікам на азеляненьні ці рабочым на сартаваньні сьмецьця. Чалавек на папраўчых работах застаецца працаваць там, дзе і працуе.
З словаў праваабаронцы, гэта ня новая форма пакараньня, яна прадугледжаная артыкулам 52 Крымінальнага кодэксу: тэрмін ад 6 месяцаў да 2 гадоў і з утрыманьнем ад 10 да 25% заробку ў даход дзяржавы.
«Згодна з інфармацыяй „Вясны“, з 2020 году ніколі ні ў адной палітычнай крымінальнай справе не былі прызначаныя папраўчыя работы. Мяркую, гэта зьвязана з жаданьнем уладаў захаваць максымальны кантроль над асуджанымі. У выпадку чаго ёсьць магчымасць замяніць пакараньне на стражэйшае — на пазбаўленьне волі», — кажа юрыстка «Вясны».
«Пакуль я ў роспачы — баюся падкопу»
Вольга (імя суразмоўцы зьмененае. — РС) год таму была асуджаная на 2,5 году «хатняй хіміі». Яна працуе рэгістратаркай у мэдычнай установе. Кіраўніцтва ўстановы, пакуль Вольга была за кратамі пасьля затрыманьня і падчас папярэдняга сьледзтва, ня звольніла яе. Калі Вользе прызначылі «хатнюю хімію», яна вярнулася на сваё месца працы. Жанчына расказвае, што абмежаваньні ў яе такія ж, як ува ўсіх астатніх «хатніх хімікаў»: дадаецца час даехаць на працу і з працы плюс адна вольная гадзіна ў будзень на вырашэньне ўсіх побытавых праблемаў з крамамі, аптэкамі, банкамі. Да суду Вольга пастаянна брала працу звыш графіку — дзяжурыла ў выходныя, сьвяточныя дні, каб больш зарабіць. Цяпер гэта забаронена. Яна ня можа выходзіць з дому для падпрацоўваньня.
«Мне прапанавалі перайсьці на так званыя папраўчыя работы. Выконваць тыя ж самыя абавязкі, але будуць утрымліваць 25% заробку ў карысьць дзяржавы. Трэба даць згоду, напісаць заяву ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, потым адбудзецца суд. І будуць мне „выгоды“: здымуць абмежаваньні — змагу выходзіць з дому калі захачу і нібыта скасуюць праверкі і пастаянныя адзначэньні ў пастарунку. Шчыра кажучы, аддаваць чвэрць заробку — для мяне гэта вельмі адчувальна, бо ў мяне цяпер і так „голы“ аклад. Але пастаянныя праверкі (і ўначы таксама) — проста абрыдлі. Пакуль я ў роспачы — баюся падкопу. Чаму адразу нельга было прызначыць папраўчыя работы з спагнаньнем грошай, а так жорстка нас кантраляваць?» — задае рытарычнае пытаньне Вольга.
«Мякчэйшы від пакараньня»
Былая адвакатка, а цяпер юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill мяркуе (яна пагадзілася пракамэнтаваць сытуацыю на ўмовах ананімнасьці. — РС), што масавыя прапановы «хатнім хімікам» пагадзіцца на замену пакараньня адбываюцца зь дзьвюх прычынаў.
«Па-першае, не хапае грошай у бюджэце — усякае папаўненьне вітаецца. Прычым паводле закону могуць утрымліваць на карысьць дзяржавы ад 10 да 25%, а з палітычных хочуць спагнаць максымум — 25%. Па-другое, у міліцыянтаў бракуе рэсурсаў: яны павінны хадзіць па „хіміках“ з праверкамі, тыя павінны прыходзіць адзначацца. Ведаю ад сваіх знаёмых: муж і жонка ўжо адбылі „хімію“, ім трэба было рэгістравацца-адзначацца раз на месяц, а цяпер ім зрабілі палёгку — раз на квартал. Гэтулькі людзей асуджана на абмежаваньне волі! У міліцыі таксама бракуе кадраў — няма каму так пільна іх кантраляваць», — кажа былая адвакатка.
На думку суразмоўцы, тэндэнцыя замены «хатняй хіміі» на папраўчыя работы ў прынцыпе станоўчая.
«Ня хочацца быць камплімэнтарнай у адрас рэжыму, але гэта насамрэч больш лёгкі, мяккі від пакараньня. Бо рэжым „хатніх хімікаў“ — адна вольная гадзіна ў суткі, калі можна выходзіць з дому (дый тое, толькі ў буднія дні) — гэта зьдзек. А калі заменяць „хатнюю хімію“ на папраўчыя работы — няма абмежаваньняў, можна пайсьці яшчэ на іншую працу, паехаць на лецішча. Людзі становяцца больш вольныя», — тлумачыць юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Rrotect-Fulfill.
За што могуць адмовіць
«Хатнія хімікі», як і іншыя асуджаныя, пры пэўных умовах могуць спадзявацца на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ). Артыкул 90 Крымінальнага кодэксу Беларусі рэгулюе тэрмін адбыцьця пакараньня, пасьля якога чалавек можа прэтэндаваць на УДВ, тлумачыць юрыстка.
«Хатняя хімія», як правіла, даецца за «менш цяжкае злачынства», за такое прадугледжана пакараньне да 6 гадоў. Таму па адбыцьці ня менш чым паловы тэрміну асуджаныя на «хатнюю хімію» могуць прэтэндаваць на УДВ. Падаваць заяву на УДВ можа сама крымінальная-выканаўчая інспэкцыя, або адвакат, або сам «хімік», — кажа юрыстка.
Калі суд прымае рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні «хатняга хіміка», прэвэнтыўны нагляд зь яго не здымаецца.
«Заўсёды застаецца прафіляктычнае назіраньне на працягу неадбытай часткі пакараньня. І потым яно яшчэ можа цягнуцца да канца тэрміну суджанасьці. І ўвесь гэты час, хутчэй за ўсё, у гэтага чалавека будзе абмежаваньне на выезд», — тлумачыць юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
Асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі» пэнсіянэрка, якая назвалася Вольгай, расказала Свабодзе сваю нядаўнюю гісторыю.
«Мяне перавялі ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі да новага інспэктара, зусім маладога чалавека. Ён сказаў, што ў мяне няма ніводнага парушэньня і ён рыхтуе дакумэнты на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Напіша хадайніцтва, а потым суд. Нібыта ў вялікую групу аб’ядналі пэнсіянэраў, людзей з інваліднасьцю, жанчын з малымі дзецьмі. Дакладнай лічбы, колькі іх у нашым раёне, я ня ведаю, але іх даволі шмат — я ж хаджу на лекцыі і бачу людзей сталага веку, мацярок зь дзеткамі. Я падзякавала за інфу. Прыходжу ў панядзелак адзначацца. Пытаюся, як там справы з дакумэнтамі на УДВ. Ён адказвае: „Усім адмовілі“. Мне здалося, яму было няёмка. Кажа, што такія абставіны, ад яго нічога не залежыць. Як я зразумела, до суду так і не дайшло», — апавяла сваю гісторыю жанчына.
Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Rrotect-Fulfill тлумачыць, што хадайніцтва аб УДВ ня пройдзе, калі міліцэйскае начальства не ўхваліла прапанову інспэкцыі.
Усіх «хатніх хімікаў», якіх асудзілі паводле палітычных артыкулаў (арт. 342 за ўдзел у маршах, арт. 361-1 за камэнтары, у «справе Гаюна») уключылі ў так званы «сьпіс экстрэмістаў» МУС. Калі яны адбудуць пакараньне або атрымаюць УДВ — ці выключаць іх з гэтага сьпісу, ці здымуць абмежаваньні?
«Пытаньне рэгулюецца Законам „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“. Там у артыкуле 18 пералічаныя падставы выключэньня чалавека зь пераліку. Адно зь іх — заканчэньне пяці гадоў з дня пагашэньня або зняцьця суджанасьці», — тлумачыць юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
Форум