Чарговы эвакуацыйны рэйс прыбыў з Дубая. Эвакуацыя беларусаў яшчэ ня скончаная.
Чарговы вывазны рэйс «Белавія» зьдзейсьніў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Як і плянавалася, на борце далёкамагістральнага Аirbus A330-200 у Беларусь з ААЭ прыбыў 281 пасажыр, піша Міністэрства транспарту краіны.
Наступны вывазны рэйс з Дубая ў Менск плянуецца выканаць заўтра.
Генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец раней у этэры «Беларусь 1» сказаў, што ў ААЭ маглі затрымацца каля тысячы беларусаў. 5 сакавіка ў Менск прыляцеў эвакуацыйны рэйс з Аману. А 4 сакавіка «Белавія» выканала два эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю. На першым рэйсе былі 189 пасажыраў, на другім — 283, у тым ліку двое немаўлят.
Зараз авіякампанія прапануе пасажырам вярнуць білеты ў Дубай, купленыя да даты 31 сакавіка.
У кампаніі сьцьвярджаюць, што эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю будуць выконваць на гэтым і наступным тыдні. Апроч таго, «Белавія» чакае зьменаў у абмежаваньнях паветранай прасторы Катару для эвакуацыйнага рэйсу з Дохі.
Што тычыцца пасажыраў, якія меліся ляцець з краінаў Пэрсыдзкай затокі ў Беларусь з авіякампаніяй FlyDubai, дык яны апынуліся ў складаным становішчы. Эмірацкая кампанія скасавала шэраг рэйсаў у Менск, пры тым, што ў Маскву не скасоўвала. Шэраг беларусаў, якія мелі выкупленыя туры зь пералётам з Дубаю ў Беларусь, ужо некалькі дзён чакаюць эвакуацыі з рэгіёну, які стаў «гарачым» у выніку іранскіх абстрэлаў.
5 сакавіка міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў па тэлефоне паразмаўляў зь міністрам замежных спраў ААЭ Абдалом Аль Заедам Аль Нахаянам. Як паведамляе замежнапалітычнае ведамства Беларусі, размова тычылася становішча на Блізкім Усходзе. Рыжанкоў выказаў ААЭ ўдзячнасьць за клопат пра беларускіх турыстаў, якія апынуліся ў гэтай краіне, а таксама выказаў суразмоўцу спачуваньні ў зьвязу з разбурэньнямі, якія выклікалі абстрэлы.
Пры гэтым варта адзначыць, што ўлады Беларусі, маючы добрыя зносіны з ААЭ, шчыльна сябруюць і з Іранам, які абстраляў Дубай і Абу-Дабі за супрацу са Злучанымі Штатамі. Раней Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з аяталом Алі Хамэнэі, якога забілі ЗША і Ізраіль у паветранай атацы на Тэгеран. А 4 сакавіка ён сустрэўся з надзвычайным і паўнамоцным паслом Ірану ў Беларусі Алірэзом Санэі. Ён выказаў спачуваньні з нагоды гібелі Хамэнэі і назваў супольную апэрацыю Ізраілю і ЗША «вераломным нападам», у выніку якога загінулі мірныя жыхары і дзеці.
Іран раней пастаўляў ракеты ў Расею, якімі тая затым атакавала Ўкраіну.